Перамога прадпрымальнікаў. Тыя, хто не пратэставаў, засталіся ў мінусе


Новы ўласнік гандлёвага цэнтру “Сакрэт” хацеў, каб за квадратны метр яму плацілі 120 еўраў замест 45–55.

Паводле дамоваў, якія прадпрымальнікі гандлёвага цэнтру падпісалі з новым уласнікам ТДА “НП-Сэрвіс” 27 кастрычніка, арэндная стаўка вырасце толькі на 10 %. Камунальныя ж плацяжы нават знізяцца – на 20–25 %.

Гандлёвы цэнтр Гандлёвы цэнтр “Сакрэт”. Фота belsat.euУ цэнтры гандлююць 400 прадпрымальнікаў. Каб развязаць канфлікт, яны звярнуліся ў РГА “Перспектыва” (яго кіраўнік Анатоль Шумчанка некалькі разоў прыязджаў у Гомель з арганізацыйнаю і юрыдычнаю дапамогаю), пасля – да мясцовых уладаў. Апошнія ўрэгулявалі канфлікт, пакуль справа не дайшла да суда.

“Мы ўласніку выразна і ясна далі зразумець, што няма падставаў павышаць арэндную плату, і ніхто не дасць ўласніку свавольнічаць і самавольнічаць, сваіх прадпрымальнікаў мы не кінем”, – заявіла пасля нарады ў аблвыканкаме кіраўніца аддзелу прадпрымальніцтва камітэту эканомікі Марына Крывунь.

Анатоль Шумчанка падкрэсліў, што новыя дамовы падпісаныя на 5 гадоў, а раней складаліся на тэрмін ад 3 да 11 месяцаў. Ён таксама адзначыў высілкі Савету прадпрымальнікаў гандлёвага цэнтру і ролю мясцовых уладаў, якія падтрымалі бізнесоўцаў.

Шумчанка дадаў, што 46 прадпрымальнікаў вырашылі не пратэставаць і падпісалі ўмовы з новымі стаўкамі арэнды. Уласнік жа сказаў, што іх пераглядаць не будзе. “Гэта прыклад усім, што ў канфліктных сітуацыях вельмі важна змагацца за свае правы разам, а не ўпотай падпісваць дамовы”, – заявіў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў