Расея хоча, каб Беларусь вярнула за растваральнікі $ 1,5 млрд


Падчас перамоваў аб умовах экспарту нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале 2012-га і ў 2013 г. Масква прапанавала Менску кампенсаваць расейскаму бюджэту страты ад незаконнага экспарту.

“Расея прапанавала вярнуць у расейскі бюджэт мыта, недаатрыманае ад экспарту з Беларусі растваральнікаў, змазачных матэрыялаў і г. д.”, – заявіла агенцтву “Прайм” крыніца ў органах дзяржаўнага кіравання.

Напрыканцы мінулага тыдня ў Маскве прайшлі перамовы з удзелам першага віцэ-прэм’ера ўраду Беларусі Уладзіміра Сямашкі ды намесніка міністра эканомікі Анатоля Філонава.

Віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч 26 кастрычніка заявіў, што Расея і Беларусь абмяркоўваюць аб’ёмы экспарту нафты на 2012–2013 гг. і змены ў заканадаўстве, якія перашкодзяць экспарту беларускім бокам растваральнікаў.

Расейскія афіцыйныя асобы неаднаразова выказвалі занепакоенасць тым, што Менск можа экспартаваць нафтапрадукты пад выглядам растваральнікаў, каб не плаціць экспартнага мыта ў бюджэт РФ. У сярэдзіне верасня беларускі прэм’ер Міхаіл Мясніковіч абвесціў, што экспарт растваральнікаў з краіны цалкам спынены больш за месяц таму, каб выключыць недавер з боку расейскіх партнёраў.

belsat.eu

Стужка навінаў