Крымінальная адказнасць за допінг: прапанова пайшла на экспертызу


Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва (НАДА) Беларусі падрыхтавала змены ў Крымінальны і Адміністратыўны кодэксы, каб зрабіць пакаранне за ўжыванне і распаўсюд допінгу больш жорсткім.

Як паведаміў агенцтву “Интерфакс-Запад” у панядзелак дырэктар НАДА Аляксандр Ванхадла, прапановы ўжо накіравалі ў Нацыянальны цэнтр прававых даследаванняў. Сярод іх: крымінальная адказнасць за распаўсюд, захоўванне, абарот допінгу і схіленне непаўналетніх да ўжывання допінгу, а таксама адміністрацыйная адказнасць для трэнераў, чые спартоўцы ўжываюць допінг.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Алімпійскім сходзе НАК Беларусі 26 кастрычніка заявіў пра неабходнасць увесці крымінальную адказнасць за ўжыванне ў спорце допінгу. “Што датычыць допінгу, нам трэба прапрацаваць пытанне так, як у кітайцаў, еўрапейцаў і амерыканцаў. Трэба ўвесці крымінальную адказнасць за ўжыванне допінгу”, – сказаў ён.

Сёлета Беларусь перажыла гучны скандал: трэнера алімпійскай чэмпіёнкі штурхальніцы ядра Надзеі Астапчук абвінавацілі ў тым, што ён падкінуў ёй допінг у каву напярэдадні выступу на Алімпіядзе ў Лондане. За гэта ў спартоўкі забралі залаты медаль.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары