Ізноў судзяць Дашкевіча


Палітвязню Змітру Дашкевічу пагражае перавод з калоніі ў турму строгага рэжыму. Сёння мае распачацца выязное паседжанне мазырскага суда. Лідару «Маладога фронту» могуць змяніць пакаранне на больш жорсткае.

«Гэта звязана з тым, што Змітра прызналі злосным парушальнікам рэжыму», – паведаміла намесніца старшыні «Маладога фронту» Анастасія Палажанка, нявеста Дашкевіча.

Яна дадала, што актывіст ніяк не мог стаць злосным парушальнікам рэжыму, бо адразу пасля прыбыцця ў папраўчую калонію № 20 Мазыра быў змешчаны ў штрафны ізалятар, а затым – у памяшканне камернага тыпу. «Дашкевіча чакае яшчэ адзін пакутлівы этап. Я думаю, што яго перавядуць або ў турму ў Жодзіне, або ў Горадні», – выказала меркаванне Анастасія.

Лідар «Маладога фронту» паступіў у мазырскую калонію 19 верасня, а 21-га – абвесціў галадоўку ў звязку з «нечалавечымі паводзінамі адміністрацыі калоніі, у тым ліку яе начальніка Юрыя Збароўскага». Пасля пераводу 4 кастрычніка ў памяшканне камернага тыпу Дашкевіч спыніў галадоўку, растлумачыўшы гэта тым, што стаўленне адміністрацыі калоніі да яго «кардынальна змянілася ў лепшы бок».

Зміцер Дашкевіч і ягоны паплечнік па «Маладым фронце» Эдуард Лобаў былі затрыманыя напярэдадні апошніх выбараў прэзідэнта, 18 снежня 2010 г., паводле абвінавачання ў збіванні двух мужчынаў. Прадстаўнікі апазіцыі ды праваабаронцы расцанілі іхны арышт як прэвентыўную захаду для «зачысткі» грамадства перад выбарамі. У сакавіку 2011 г. суд прыгаварыў Дашкевіча да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Спачатку Дашкевіч адбываў пакаранне ў Горках (Магілёўская вобласць), затым яго перавялі ў Глыбокае (Віцебская вобласць). 28 жніўня Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным паседжанні ў калоніі прызнаў Дашкевіча вінаватым у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі ПК і прыгаварыў яго да года пазбаўлення волі. У тэрмін пакарання ўключаныя чатыры месяцы, якія апазіцыянеру заставалася адбыць у калоніі паводле першай крымінальнай справы.

belsat.eu

Стужка навінаў