«Ляпіс» у выгнанні: Гэта цемра перад яркім світанкам!


{movie}Сяргей Михалок: Гэта цемра перад яркім світанкам!|left|7178{/movie}Больш за 3 тыс. беларусаў прыехалі на канцэрт гурта «Ляпіс Трубяцкой» у Вільні. На радзіме «Ляпісы» застаюцца пад забаронаю, аднак лідар гурта Сяргей Міхалок верыць, што неўзабаве гэта зменіцца.

«Можа, не сёння-заўтра, можа, паслязаўтра, можа, праз шмат гадоў, але я веру, што ў выніку мы прыедзем ды вальнем грандыёзны канцэрт, каб нікому не трэба было нікуды ехаць, – гаворыць Сяргей Міхалок у інтэрв’ю “Белсату”. – Мы па-ранейшаму прадстаўляем сябе як гурт з гораду-героя Менску. Хочацца заграць канцэрты на радзіме, хочацца, каб не людзі за намі ездзілі, а каб мы за імі. Каб мы прыехалі ў Менск, Горадню, у Літву і Латвію. Мне падаецца, што ўсё гэта такі цёмны час перад яркім сонечным світанкам».

Канцэрт у Вільні, які быў зладжаны пры падтрыманні Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, – адна з чатырох «ключавых» прэзентацыяў апошняга альбому гурта. Папярэднія ўжо адбыліся ў Санкт-Пецярбурзе, Маскве і Кіеве.

На разагрэве ў «Ляпісаў» быў дзіджэй Дзмітрый Спірын, вакаліст гурта «Тараканы!», які зладзіў дзіджэй-сэт, ставячы класіку панк-року.

Пасля гіта апошніх гадоў «Веру» лідар «Ляпісаў» Сяргей Міхалок звярнуўся да публікі: «Нарэшце мікрафон у руках перастаў дрыжэць, як на першых песнях, мы справіліся з хваляваннем. Сёння насамрэч вельмі асаблівы дзень. Дзякуй гасціннай Вільні, што прыняла ўсіх нас! Атрымліваецца інтэрнацыянальны, па-сапраўднаму сяброўскі канцэрт, гэта нейкі такі моцны біямеханізм! Мы прыехалі сюды да вас з мірам! Я вельмі рады бачыць вялікую колькасць родных бел-чырвона-белых сцягоў».

«Нягледзячы на ўсе абставіны, мы гатовыя сваволіць, весяліцца і радавацца жыццю! Яны, гэтыя кабінетныя сволачы, чакаюць, што мы будзем сумныя, хочуць, каб мы былі самотныя, каб перабягалі з аднаго кута ў іншы, схіліўшы галовы. Але яны не дачакаюцца! Мы радуемся жыццю, мы пішам новыя песні! У нас цячэ жывая кроў, і мы можам быць сапраўднымі дзікімі звярамі! Вядома, што калі дзікага звера саджаюць у клетку, ён будзе абараняцца. Калі спатрэбіцца, мы гатовыя абараняць кожны сантыметр асабістай свабоды! У нас ёсць стальныя аргументы!» – падкрэсліў лідар «Ляпісаў».

На развітанне Сяргей Міхалок падбадзёрыў беларусаў: «Мы павінныя штодзень радавацца жыццю, распальваючы ў сабе свяшчэнны агонь. Верце ў сваю мару, верце ў сябе і часцей адключайце мозг!» Таксама музыка зазначыў, што ён верыць у тое, што аднойчы гурт прыедзе з канцэртамі ў родны Менск і будзе ездзіць па ўсёй Беларусі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары