Еўрапарламент не прызнае Палаты прадстаўнікоў за легітымную


Еўрапарламентары заявілі пра намер падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць ды апазіцыю, а таксама выказаліся за спрашчэнне і лібералізацыю візавага рэжыму для беларускіх грамадзянаў.

Паводле рэзалюцыі, прынятай Еўрапарламентам, Палата прадстаўнікоў не можа лічыцца легітымнаю. «Дэпутаты падкрэслілі, што, паколькі абранаму ў Беларусі парламенту не стае дэмакратычнай легітымнасці, Еўрапарламент не прызнае яго», – паведамляе агенцтва «РИА Новости» са спасылкаю на прэс-службу Еўрапарламенту.

Еўрадэпутаты зазначаюць: пра гэта сведчыць тое, што ў беларускі парламент не трапіў ніводзін прадстаўнік апазіцыі, а ў краіне застаюцца палітычныя зняволеныя. На думку дэпутатаў, улады Беларусі ігнаруюць заклікі міжнароднай супольнасці, тым самым яшчэ больш ізалюючы краіну.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, каментуючы прынятую рэзалюцыю, назваў яе «далёкаю ад рэальнасці». Ён параўнаў Еўрапарламент з «высакахуткаснаю друкавальнаю машынай», якая «штампуе шаблонныя палітычна матываваныя рэзалюцыі». «Менавіта такі змест, а дакладней адсутнасць якога-небудзь зместу, назіраецца ў чарговай рэзалюцыі адносна Беларусі. Яна далёкая ад рэальнасці ды заводзіць у тупік, што прызнаюць самі ж еўрадэпутаты», – мяркуе Савіных.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары