Алесю Бяляцкаму не далі прэміі Сахарава


Яе атрымалі іранскія адвакатка Насрын Сатудэ і рэжысёр Джафар Панагі

Траіх фіналістаў дэпутаты Еўрапарламента абралі з пяці прапанаваных калегамі. Найбольш галасоў пры вылучэнні – 86 – атрымаў кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі. На другім месцы паводле колькасці прыхільнікаў у Еўрапарламенце – расейскі гурт «Pussy Riot» (46). 12 дэпутатаў прагаласавалі за іранцаў: адвакатку Насрын Сатудэ і рэжысёра Джафара Панагі. Усе намінанты знаходзяцца за кратамі.

49-гадовая адвкатка Насрын Сатудэ абараняла ў судзе апазіцыянераў, арыштаваных пасля прэзідэнцкіх выбараў у Іране ў 2009 г. За гэта яе пакаралі 11 гадамі зняволення, а займацца прафесійнай дзейнасцю і пакідаць краіну забаранілі цягам дваццаці гадоў.

52-гадовы кінарэжысёр і сцэнарыст Джафар Панагі – адзін з самых вядомых прадстаўнікоў “новай хвалі” іранскага кінематографа. Лаўрэат прэстыжных міжнародных кінафестываляў – Канскага, Венецыянскага, Берлінскага. Панагі ў сакавіку 2010 г. арыштавалі і асудзілі на шэсць гадоў зняволення за антыўрадавую дзейнасць і ўдзел у акцыях пратэсту супраць вынікаў выбараў 2009 г. Яму таксама забаронена працаваць займацца ржысураю і выязджаць з краіны цягам дваццаці гадоў.

Атрымальніка прэміі Еўрапарламенту «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава ўзнагародзяць € 50 тыс. і запросяць на ўрачыстую цырымонію ў Страсбур. Яна пройдзе сёлета 12 снежня.

Прэмію імя Сахарава Еўрапарламент заснаваў у 1988 г. Першым яе атрымалі былы прэзідэнт ЮАР Нэльсан Мандэла і савецкі дысідэнт Анатоль Марчанка (пасмяротна). У 2004 г. яе атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў, а ў 2006-м – палітык Аляксандр Мілінкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў