Справядлівыя выбары? А як з гэтым у апазіцыі?


На фоне дыскусіяў пра яднанне дэмакратычных сілаў і вылучэнне адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах блогер Віктар Малішэўскі увёў сваю класіфікацыю апазіцыйных лідараў: «адзінагалосныя» і «безальтэрнатыўныя».

Новая тыпалогія беларускай апазіцыі

Журналіст звяртае ўвагу на тое, што на беларускай палітычнай сцэне не толькі бяззменны кіраўнік краіны цешыцца электаральнымі трыумфамі. Выбары ў апазіцыйныя палітычныя партыі сваімі вынікамі часта нагадваюць неверагодны адсотак падтрымання Аляксандра Лукашэнкі. Тым болей, што шмат хто з лідараў кіруе дэмакратычнымі структурамі далёка не першы тэрмін.

Гэтак, у лік «безальтэрнатыўных» Малішэўскі ўключыў пераможцаў унутраных выбараў на безальтэрнатыўнай аснове: Аляксандра Мілінкевіча (Рух «За свабоду!»), Зянона Пазняка (КПХ – БНФ), Анатоля Лябедзьку (Аб’яднаная грамадзянская партыя) і Сяргея Калякіна («Справядлівы свет»). Адзінагалосным падтрыманнем у партыі ў розныя гады цешыліся Сяргей Калякін і Зянон Пазняк.

Таксама вялікая частка ўнутрыпартыйных выбараў заканчвалася вялізарнаю перавагаю бяззменнага кіраўніка. Блогер прыводзіць прыклады: Зянон Пязняк у 2006 г. (97,9 %), Аляксандр Мілінкевіч у 2008 г. (98,7 %), Анатоль Лябедзька ў 2008, 2010 і 2012 гг. (85,2 %, 81,6 % і 80,1 % адпаведна).

Трэба адзначыць, што выбарчая барацьба за месца старшыні Партыі БНФ ідзе значна больш зацята. Хоць Вінцук Вячорка і набраў у 2005 г. амаль 80 % галасоў, але ў 2003-м яго падтрымалі «ўсяго» 69,3 %. А Аляксей Янукевіч у 2009 г. выглядае ўжо зусім сціпла са сваімі 54,7 % падтрымання.

Лепш перамагаць у сваім коле?

Гэтыя лічбы выглядаюць асабліва актуальнымі пасля нядаўніх альтэрнатыўных выбараў у расейскай апазіцыі, дзе за апанентаў уладаў галасавалі інтэрнаўты.

Раней у інтэрв’ю «Белсату» палітолаг Аляксандр Класкоўскі выказаў сумнеў, што беларуская апазіцыя скарыстаецца расейскім досведам. {movie}Класкоўскі: апазіцыя жыве “віртуальным” жыццём|right|7128{/movie}

На ягоную думку, у такіх выбарах некаторыя фармальныя лідары могуць не вытрымаць канкурэнцыі: «Гэтыя забранзавелыя лідары, што па 15 гадоў спаборнічаюць з Лукашэнкам ды ўзначальваюць свае партыі, могуць «праляцець». Можа, выйдзе невядомы малады самародак кшталту Віталя Каратыша, які добра выступіў на мінулых парламенцкіх выбарах, і «пакладзе на лапаткі» гэтых старых апазіцыйных лідараў. Таму яны яшчэ добра ўзважаць, ці ўвязвацца ў такую бойку».

Паводле эксперта, з цяперашнімі ўладамі Беларусі трэба размаўляць на яе мове – мове сілы. Іншая рэч, ці мае апазіцыя гэтую сілу і падтрыманне з боку грамадзянаў Беларусі. «Калі за апазіцыяй будуць тры мільёны беларусаў, улада нікуды не падзенецца і будзе з апазіцыяй лічыцца. А пакуль жа частка апазіцыйных лідараў застаецца на ўзроўні сеціўных троляў, таму і стаўленне да іх адпаведнае», – гаворыць Класкоўскі.

Раней НІСПД публікаваў вынікі чэрвеньскага апытання грамадскай думкі, паводле якога беларусы ўсё менш вераць не толькі Аляксандру Лукашэнку, але і ягоным апанентам. Больш як траціна апытаных хацела б бачыць нейкую трэцюю сілу на беларускай палітычнай сцэне.

Тым часам, пра намер вылучыць сваю кандыдатуру на месца адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах заявіў Аляксандр Мілінкевіч. У сваю чаргу Віталь Рымашэўскі мяркуе , што галоўнае цяпер – не абіраць адзінага кандыдата, а змагацца за свабодныя выбары. Для гэтага лідар «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» заклікае забараніць Аляксандру Лукашэнку ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. На жаль, палітык не ўдакладніў, як канкрэтна будзе выглядаць працэс забароны.

belsat.eu
https://youtu.be/player_embedded&v

Глядзі таксама
Каментары