Час застанецца стабільным


Беларусь не будзе пераходзіць на зімовы час 28 кастрычніка, стрэлкі гадзіннікаў у гэты дзень пераводзіць не будуць, паведаміла прэс-служба Дзяржстандарту.

У адпаведнасці з пастановаю Савету Міністраў ад 15 верасня 2011 г, на тэрыторыі нашай краіны перавод стрэлак на сезонны час (увесну і восенню) не ажыццяўляецца.

«Гэтае рашэнне аб адмене штогадовага пераводу гадзіннай стрэлкі ў апошнюю нядзелю сакавіка на адну гадзіну наперад і ў апошнюю нядзелю кастрычніка на адну гадзіну назад было прынятае з мэтай узгодненага з дзяржавамі – удзельніцамі Мытнага саюзу вылічэння часу», – растлумачылі ў Дзяржстандарце.

На сёння пытанне аб вяртанні да сезоннага пераводу гадзінных стрэлак у Беларусі не разглядаецца.

Беларусь следам за Расеяй прыняла рашэнне не пераходзіць больш на зімовы час, пачынаючы з восені 2011 г., пакінуўшы на сваёй тэрыторыі летні час. Такім чынам, час у Беларусі, якая ляжыць у адным гадзінным поясе з Украінаю, Літвой і шэрагам іншых краінаў, з лістапада да сакавіка адрозніваецца на адну гадзіну.

Разам з тым некаторыя спецыялісты сцвярджалі, што Расея і Беларусь адмянілі не той пераход. Варта было адмяніць пераход на летні час, які для чалавека не ёсць фізіялагічным і быў уведзены штучна для эканоміі энергарэсурсаў. Зімовы ж час у шмат якіх краінах супадае са стандартным астранамічным. Краіны, якія не пераводзяць гадзінныя стрэлкі або адмовіліся ад пераходу, не выкарыстоўваюць акурат летні час.

belsat.eu

Стужка навінаў