Аляксандр Класкоўскі: Частка апазіцыйных лідараў – на ўзроўні інтэрнэт-троляў


{movie}Аляксандр Класкоўскі: апазіцыя жыве “віртуальным” жыццём|left|7096{/movie}Што замінае беларускай апазіцыі зладзіць свае альтэрнатыўныя выбары ў орган, які б рэпрэзентаваў дэмакратычны рух, як гэта зрабілі апазіцыйныя палітыкі ў Расеі?

«Шматгадовыя лідары» баяцца канкурэнцыі?

У Беларусі большасць насельніцтва мае доступ у інтэрнэт, і таму зладзіць галасаванне ў Сеціве не будзе вялікаю праблемаю. Несумненна, улады краіны маюць досвед у абмяжоўванні доступу да сайтаў, не рэдкія і хакерскія атакі на апазіцыйныя рэсурсы, аднак цяпер беларуская апазіцыя мае перад вачыма досвед Расеі, дзе нягледзячы на ўсе перашкоды «сеціўныя» выбары адбыліся.

«Тут пытанне палітычнай волі, бо гэта – сапраўдныя выбары. Сёння беларуская апазіцыя прызвычаілася да віртуальнага жыцця. Перапісваюцца, палемізуюць: наша стратэгія лепшая, вашая – горшая, вы здраднікі, а мы не здраднікі. А тут – канкурэнцыя, прычым з непрадказальным вынікам», – гаворыць палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

На ягоную думку, у такіх выбарах некаторыя фармальныя лідары могуць не вытрымаць канкурэнцыі: «Гэтыя забранзавелыя лідары, што па 15 гадоў спаборнічаюць з Лукашэнкам ды ўзначальваюць свае партыі, могуць «праляцець». Можа, выйдзе невядомы малады самародак кшталту Віталя Каратыша, які добра выступіў на мінулых парламенцкіх выбарах, і «пакладзе на лапаткі» гэтых старых апазіцыйных лідараў. Таму яны яшчэ добра ўзважаць, ці ўвязвацца ў такую бойку».

Паводле эксперта, з цяперашнімі ўладамі Беларусі трэба размаўляць на яе мове – мове сілы. Іншая рэч, ці мае апазіцыя гэтую сілу і падтрыманне з боку грамадзянаў Беларусі. «Калі за апазіцыяй будуць тры мільёны беларусаў, улада нікуды не падзенецца і будзе з апазіцыяй лічыцца. А пакуль жа частка апазіцыйных лідараў застаецца на ўзроўні сеціўных троляў, таму і стаўленне да іх адпаведнае», – гаворыць Класкоўскі.

{movie}Аляксандр Класкоўскі: надыйшоў час думаць раэлістычна|left|7097{/movie}Стратэгія – выжыць

Наперадзе чакае новая прэзідэнцкая кампанія, хоць беларуская апазіцыя, падобна, яшчэ не апрытомнела ад папярэдняй. Некаторыя палітыкі ўжо заяўляюць пра намер балатавацца на найвышэйшую пасаду ў краіне, але ці маюць яны тую запаветную «пераможную стратэгію»?

«Палітыкі – закладнікі сваіх лозунгаў. Кладучы руку на сэрца, і, хутчэй за ўсё, так яно і ёсць – няма ніякай пераможнай стратэгіі, – зазначае Аляксандр Класкоўскі. – Можа, самае галоўнае на выбарах-2015 – выступіць і не спаліцца канчаткова, каб пазбегчы татальнай зачысткі і разгрому, як пасля Плошчы-2010, але ж ніводзін палітык гэтага не скажа».

Паводле эксперта, таму апазіцыя педалюе тыя стратэгіі, якія не працуюць, – ужо двойчы беларусы бачылі і бралі ўдзел у «Плошчы». Байкот выбараў таксама не прынёс кардынальных зменаў. «Аднак замест таго, каб асэнсаваць і выпрацаваць нейкую цвярозую стратэгію, палітыкі хапаюцца за гэтыя клішэ, якія ўжо не працуюць», – падкрэслівае суразмоўца.

Паводле Аляксандра Класкоўскага, беларускім апазіцыйным палітыкам бракуе «сумленнага канцэптуальнага мыслення. «Мазгавыя цэнтры, сацыялагічныя інстытуцыі даюць матэрыял для асэнсавання, горкі, як таблетка, але яе трэба праглынуць. Але пачынаюць «дзяўбаць» гэтых аналітыкаў за тое, што яны не хваляць апазіцыю», – дадаў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў