Сябры-чэкісты. Як дамаўляюцца спецслужбы былога СССР


Расейскі апазіцыянер Леанід Развазжаеў, каб запабегчы арышту, уцёк ва Украіну і папрасіў там палітычнага прытулку. Аднак доўгія рукі расейскай ФСБ выцягнулі палітыка з украінскай сталіцы. Такім чынам Развазжаеў і апынуўся ў маскоўскім судзе, дзе яму далі два месяцы турмы.

Апаненты расейскіх уладаў паведамляюць пра незаконныя дзеянні ФСБ на тэрыторыях суседніх дзяржаваў – перадусім у Беларусі ды Украіне. Спачатку з’явіўся менскі запіс схаванаю камерай апазіцыянера Сяргея Удальцова: ён нібыта вёў перамовы наконт фінансавання дзяржаўнага перавароту ў Расеі. Пасля з Кіева скралі Леаніда Развазжаева.

Былы падпалкоўнік КДБ Валер Костка зазначае: спецслужбы на тое і спецслужбы, каб не звяртаць увагі на межы.

“Спецслужбы робяць тую справу, якую павінны рабіць, – выконваюць загады кіраўніцтва краіны. Таму яны кантактуюць са спецслужбамі іншых краінаў і такім чынам вырашаюць палітычныя задачы”, – канстатуе Костка.

“На тэрыторыі былога Савецкага Саюзу, за выключэннем краінаў Балтыі ды Грузіі, нічога ў гэтым плане не змянілася. Толькі мясцовае кіраўніцтва атрымала трохі больш улады. Такое ж “мерапрыемства” могуць правесці на тэрыторыі Расеі як украінскія, так і беларускія спецслужбы”, – зазначае Валер Костка.

Ён падкрэслівае: незалежна ад палітычных стасункаў ці ідэалагічнай розніцы паміж краінамі, у выпадку патрэбы спецслужбы адной краіны практычна заўсёды дамовяцца з замежнымі калегамі.

belsat.eu

Стужка навінаў