Як развязаць пенсійную праблему?


Беларусы цяпер жывуць даўжэй, а таму павінны і працаваць да яшчэ больш сталага веку. Прынамсі так мяркуе Міністэрства працы. І прапаноўвае павялічыць пенсійны ўзрост. Як доўга давядзецца працаваць грамадзянам, пакуль не паведамляюць.

Для чыноўнікаў усё відавочна: павышаецца якасць жыцця, расце яго працягласць, – на такім фоне павелічэнне пенсійнага ўзросту выглядае натуральна. Тым часам незалежныя эксперты зазначаюць, што пенсійная сістэма ўжо сёння не ў найлепшым стане, а далей можа здарыцца так, што адлічэнняў з заробкаў працоўных на пенсіі не хопіць. {movie}Леанід Злотнікаў у “Гарачым каментары”|right|7084{/movie}

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, вызначэнне пенсійнага ўзросту – не галоўнае ў выпраўленні ўсёй сістэмы.

“Трэба разумець, што цяпер лічба працаўнікоў, за кошт якіх і выплочваюцца пенсіі, будзе змяншацца, а колькасць пенсіянераў – павялічвацца. У выніку ўзнікне дэфіцыт фонду сацыяльнай абароны. Паводле Сусветнага банку, гэта пачнецца з 2014 года. І гэты дэфіцыт будзе толькі паглыбляцца”, – канстатуе адмысловец.

Выйсцяў з такой сітуацыі некалькі. Адным з іх якраз і ёсць павелічэнне пенсійнага ўзросту. Другое, больш складанае, – змяненне пенсійнай сістэмы.

“Сёння ў нас людзі, незалежна ад таго, колькі ўклалі ў свой фонд, атрымліваюць больш-менш аднолькавую пенсію. І гэта трэба змяніць”, – сцвярджае Злотнікаў.

Пакуль што ў Беларусі жанчыны працуюць да 55 гадоў, мужчыны – да 60. Людзі пенсійнага ўзросту могуць працягваць працоўную дзейнасць, каб гэткім чынам зарабіць на вышэйшую пенсію.

belsat.eu

Стужка навінаў