Гомельскі «Сакрэт»: 120 еўраў за квадратны метр


Прадпрымальнікам, якія не згаджаюцца на новыя стаўкі арэнды, адключаюць святло. Абураныя бізнесоўцы распачалі страйк.

Каля 400 прадпрымальнікаў гомельскага гандлёвага цэнтру “Сакрэт” 23 кастрычніка праводзяць аднадзённую акцыю пратэсту. У іх паўстаў канфлікт з новым уласнікам гандлёвага прадпрыемства – ТДА “НП-Сервіс”, які павысіў арэндную плату з 45–55 да 120 еўраў за квадратны метр. {movie}Пратэст прадпрымальнікаў у Гомлі|right|7080{/movie}

Наймальнікі плошчаў абураныя і новымі дамовамі, у якіх прапісаныя “кабальныя ўмовы”. 23 кастрычніка яны не адкрылі сваіх гандлёвых пунктаў, размясціўшы на іх аб’явы “Сандзень” і “Пераўлік”. Прадпрымальнікі сабралі подпісы пад калектыўным зваротам у міліцыю, у якім просяць правесці правяранне паводле факту магчымага махлярства.

Яны пішуць, што новы ўласнік гандлёвага цэнтру выкарыстоўвае ў канфлікце неправавыя метады: пагражае выселіць прадпрымальнікаў, а таксама шантажуе іх – да прыкладу, адключае ў гандлёвых пунктах электрычнасць. Апрача гэтага, сцвярджаюць, што кіраўніцтва падманам пераканала іх скасаваць дамовы.

“Пры новых дамовах, калі мы іх падпішам, то трапляем фактычна ў рабства да ўласніка, ён у любы момант можа проста выкінуць нас на вуліцу. І чым такім нам трэба гандляваць, каб плаціць арэнду 2000 еўраў ці 5000?” – падкрэсліваюць прадпрымальнікі.

Старшыня савету РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка, які прыехаў у “Сакрэт”, на сходзе заявіў, што юрысты арганізацыі ўважліва вывучылі дакументы, праекты новых дамоваў і прыйшлі да высновы, што яны не адпавядаюць заканадаўству. “Тое, што тут робіцца, калі казаць моваю хвацкіх 1990-х, – гэта проста “кідалава”, – заявіў ён.

На сёння ж у Гомельскім аблвыканкаме запланаваная нарада з прадпрымальнікамі ды ўласнікам “Сакрэту” дзеля ўрэгулявання ставак арэнднай платы. Калі праблема не вырашыцца, арандатары звернуцца ў Гаспадарчы суд.

belsat.eu

Стужка навінаў