Генпракуратура дапамагае КДБ хаваць нататкі Кавалёва?


Маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва атрымала адказ з Генеральнай пракуратуры. Галоўны наглядны орган Беларусі не бачыць нічога супрацьзаконнага ў тым, што КДБ ігнаруе запыты Любові Кавалёвай.

Таямнічая жоўтая тэчка

Маці расстралянага некалькі месяцаў звярталася ў СІЗА КДБ і асабіста да старшыні Камітэту дзяржбяспекі Вадзіма Зайцава, спрабуючы высветліць, дзе запісы сына, якія ён вёў у судзе і на сустрэчах з адвакатам.

Уладзіслаў Кавалёў хадзіў на судовыя паседжанні з жоўтаю тэчкаю, дзе ляжалі запісы. Паводле Любові Кавалёвай, ён вельмі прасіў, каб гэтыя запісы захавалі. Яна мяркуе, што ў запісах сына маглі згадвацца нейкія парушэнні пры ўтрыманні ў СІЗА, і таму іх сканфіскавалі. Пасля выканання смяротнага прысуду Любоў Кавалёва атрымала поштаю з СІЗА КДБ пакет з асабістымі рэчамі сына. Аднак жоўтая тэчка, з якою Уладзіслаў хадзіў на паседжанні суда, была пустая.

КДБ маўчыць, Генпракуратура не рэагуе

Ні на адзін са зваротаў у гэтай справе Любоў Кавалёва не атрымала ад КДБ пісьмовага адказу. Таму жанчына звярнулася да генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, дамагаючыся выканання арт. 40 Канстытуцыі, у якім гаворыцца пра права грамадзяніна звяртацца ў дзяржаўныя органы і атрымліваць адказы на свае звароты.

Адказ, атрыманы Кавалёвай з Генпракуратуры, падпісаны начальнікам аддзелу нагляду за выкананнем заканадаўства і дзяржаўнай бяспекі В. Шуляком. З яго вынікае, што парушэнняў дзейнага заканадаўства ў гісторыі са зваротамі ў КДБ “не выяўлена”. Адпаведна, “падставаў для прымянення захадаў пракурорскага рэагавання няма”.

“Я не задаволеная такім адказам. Цяпер магу звяртацца ў суд. Але не буду, бо пасля сфабрыкаванага абвінавачання на майго сына і Дзмітрыя Канавалава, а затым вынясення неправамоцнага прысуду пераканалася ў адсутнасці незалежнага суда ў нашай краіне”, – заявіла Кавалёва.

Яна лічыць, што адбыўся “звычайны крадзеж”. Гэта датычыць і зніклых запісаў сына, і ягоных даверанасцяў, якія ён рыхтаваў для маці.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары