Кітай бразгае зброяй пад носам у Японіі


{movie}Вучэнні ў Кітаі.|left|7074{/movie}Народна-вызваленчае войска Кітаю правяло вучэнні на паўночным усходзе краіны. Вайскоўцы адпрацоўвалі абарону востраву ад захопу непрыяцелем. Вучэнні былі праведзеныя на фоне спрэчак паміж Кітаем і Японіяй аб прыналежнасці архіпелагу Дзяў-Юй.

Полк берагавой аховы падчас вучэнняў выпрабоўваў новыя сістэмы сувязі. Была пратэставаная сістэма відэаназірання за боем, якая дазваляе трансляваць відэа з поля бою ў штаб, а таксама баявым адзінкам на месцы баявых дзеянняў.

“Загады імгненна могуць быць перададзеныя да кожнай баявой адзінкі дзякуючы адмысловай сістэме, што збудаваная на інфармацыйных тэхналогіях. Акрамя таго розныя баявыя групы могуць абменьвацца паміж сабою ў рэальным часе звесткамі выведкі ды назіраннямі аб сілах праціўніка, што робіць размеркаванне агнявой моцы больш эфектыўным”, – гаворыць камандзір палка берагавой аховы Лу Цзінь-Сун.

У вучэннях таксама брала ўдзел група снайпераў, што разам з іншымі падраздзяленнямі супрацьстаяла “высадцы ворага на востраве”.

Архіпелаг Дзяў-Юй цяпер пад кантролем Японіі, аднак Кітай таксама лічыць выспы сваімі. Дагэтуль тэрыторыя была ў прыватнай уласнасці, але ўрад Японіі заявіў пра намер выкупіць і нацыяналізаваць астравы. На такі крок Токіа пайшоў пасля таго, як стала вядома, што на Сэнкаку (японскі варыянт назвы архіпелагу. – belsat.eu) знайшлі значныя запасы газу і нафты.

belsat.eu

Стужка навінаў