Юлія Слуцкая: Уладзе ўсё менш патрэбныя грамадзяне


Незадаволенасць расце, рэйтынгі падаюць. Лукашэнка можа спадзявацца на падтрыманне толькі траціны беларусаў.

Чвэрць насельніцтва кажа пра пагаршэнне матэрыяльнага стану, большасць – пра пагаршэнне сітуацыі ў беларускай эканоміцы. Амаль чвэрць апытаных не ўдзельнічала ў мінулых парламенцкіх выбарах, аднак толькі 9 % байкатавалі. {movie}Юлія Слуцкая ў “Гарачым каментары”|right|7061{/movie}

Медыяэксперт Юлія Слуцкая мяркуе, што славутая стабільнасць – пад пагрозаю: траціна электарату – гэта вельмі мала для галавы дзяржавы.

“Пакуль Лукашэнка выконваў сваю частку сацыяльнага кантракту, ён карыстаўся падтрыманнем грамадства, гэта варта прызнаць. Звесткі НІСЭПД абсалютна рэальныя. Апроч таго, сюды можа дадацца нейкі фактар страху: магчыма, рэйтынг яшчэ ніжэйшы, можа, нават каля 25 %”, − дапускае Слуцкая.

Паводле даследавання, наймацней кіраўніка краіны падтрымліваюць у вёсках і абласных гарадах. Паводле адмыслоўцы, прычына ў адсутнасці альтэрнатыўнай інфармацыі. Разам з тым нават вяскоўцы не лічаць Лукашэнку “народным прэзідэнтам”, гэтак мяркуюць толькі 18 % апытаных. І больш за палову беларусаў лічаць, што ўлады абапіраюцца перадусім на сілавыя структуры.

“Гэта страшныя для яго лічбы, бо такога ніколі не было. Гэта значыць, што працягваецца тэндэнцыя, якую мы бачылі і раней: улады ўсё менш абапіраюцца на народ і ўсё менш маюць у ім патрэбу. І мы бачым: душацца любыя формы сацыяльнай актыўнасці”, − зазначае эксперт.

Варта ўзгадаць лёс рэгіянальных актывістаў, якія ператвараюцца практычна ў “мясцовых вар’ятаў”, бо, у адрозненне ад актывістаў з вялікіх гарадоў, пасля звальнення ім няма куды ісці, а падтрымання ад сталічных лідараў яны таксама не маюць.

belsat.eu

Стужка навінаў