Алег Манаеў: Ужо ўлетку было вядома, што байкот праваліцца


Паводле апублікаваных сёння вынікаў нацыянальнага апытання Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), па ўсёй краіне выбары байкатавалі ўсяго 9 % грамадзянаў.

Беларусь – гэта не толькі Менск

Нягледзячы на заявы большай часткі апазіцыі, даследаванне пацвердзіла: агулам па краіне выбары адбыліся. Што праўда, у шэрагу сталічных акругаў рэальны ўдзел сапраўды не дасягнуў 50 %. Чаму так адбылося, распавёў у вялікім інтэрв’ю “Белсату” заснавальнік НІСЭПД доктар сацыялагічных навук Алег Манаеў. {movie}Алег Манаеў пра няўдалы байкот|right|7056{/movie}

“Вядома, сталіца ў любой краіне адрозніваецца ад рэшты гарадоў. І, натуральна, апазіцыі ў Менску, выгодней: тут замежныя амбасады, тут заўсёды іх зловяць журналісты. І ствараецца ўражанне, што так па ўсёй краіне. Але ў сельскай мясцовасці жыве чвэрць электарату, плюс меншыя гарады (гэта 42-43 %), у якіх на выбары прыйшло больш за 70 %”, − канстатуе адмысловец.

Манаеў бачыць адзінае выйсце для апанентаў улады у тым, каб узяць прыклад з самога Лукашэнкі ды замежных палітыкаў. То бок “закачаць рукавы і занырнуць у народ”. Ці зробіць так апазіцыя – пытанне адкрытае, хоць прыклад ранейшых кампаніяў паказвае, наколькі мала шанцаў на рэальныя дзеянні ў правінцыі.

Каго рэпрэзентуе апазіцыя?

Паводле сацыёлага, большая частка беларускіх дэмакратычных сілаў настолькі адарвалася ад народу практычна ў любым пытанні, што рэпрэзентуе толькі саму сябе ды вузкія колы грамадства.

“Народ жыве сваім жыццём, што часамі супадае з тым, што кажа або прапаноўвае апазіцыя, але ўсё часцей не супадае. І, што самае крыўднае, нават у тых выпадках, калі людзі і хацелі б нейкіх зменаў, і чакалі б нейкіх альтэрнатываў, яны іх не атрымліваюць”, − лічыць даследчык.

Ідэя, правальная ад самага пачатку?

Манаеў нагадвае, што яшчэ ў чэрвені сацыялагічныя доследы сведчылі пра 10-адсоткавае падтрыманне ідэі байкоту. Гэта не перашкодзіла бальшыні дэмакратычных сілаў заявіць пра перспектыўнасць байкоту і перасварыцца з тымі, хто ўсё ж такі пажадаў удзельнічаць у выбарах. Пасля выбарчага працэсу прыхільнікі байкоту заявілі пра поспех кампаніі. На іхны жаль, нават незалежныя статыстычныя звесткі даводзяць тое, што выбары адбыліся.

“Да таго ж, ад 1996 года ні на водных парламенцкіх выбарах, паводле звестак незалежнай сацыялогіі, не было менш за 60 % удзелу. Што такога неверагоднага адбылося сёлета ўвесну-ўлетку, каб гэткага не чакаць? Мы пра гэта і казалі, у тым ліку лідарам апазіцыі, аднак у іх былі свае “віды на ўраджай”, − выказвае недаўменне Алег Манаеў.

belsat.eu

Стужка навінаў