Танцы на касцях? У Курапатах адчыніцца забаўляльны комплекс


Каля народнага мемарыялу ва ўрочышчы Курапаты на ўскраіне Менску, дзе спачываюць ахвяры палітычных рэпрэсіяў, завяршаецца будаўніцтва забаўляльна-рэстараннага комплексу «Бульбашъ Холл».

Як паведамляюць уласнікі, у наведнікаў будзе “шчаслівая магчымасць схавацца ад шуму гарадской мітусні”. Абяцаюць і “непаўторны дызайн, прастор, вытанчаную кухню і хатнюю ўтульнасць”. Побач з могілкамі кліентам гарантуюць адчуванне “лёгкасці ды свабоды”…

Будуе комплекс кампанія “Наша рэстаранная група”, якой належыць шэраг клубаў і рэстаранаў у Менску. “Бульбашъ Холл” разлічаны на 400 месцаў, у комплексе прадугледжваюцца лазня з залаю адпачынку і дзіцячае мястэчка. Адпачываць госці будуць у асобных дамках.

{movie}Шэін: Будаўніцтва ў Курапатах – блюзнерства|left|7055{/movie}Сустаршыня аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Аляксей Шэін лічыць, што будаўніцтва «Бульбашъ Холлу» проста ля магілаў – здзек і блюзнерства. «Гэта тое самае, што пабудаваць такі комплекс у Хатыні ці Асвенціме, – я тут розніцы не бачу», − адзначыў Шэін.

Паводле хрысціянскага дэмакрата, будаўніцтва забаўляльнага комплексу каля Курапатаў мае дзве прычыны. Адна з іх – гэта духоўная абыякавасць беларусаў, а другая – адсутнасць увагі да праблемы з боку апазіцыйных палітыкаў, занятых рыхтаваннем да парламенцкіх выбараў. «Спрачаліся і вырашалі, хто вінаваты: тыя, хто за байкот, ці тыя, хто супраць. А ў гэты час пачалося будаўніцтва. Не дагледзелі. І з гэтым трэба сёння разбірацца», − сказаў палітык.

Паводле Шэіна, трэба байкатаваць бізнес, які, зневажаючы народную памяць, хоча зарабіць грошай.

belsat.eu

Стужка навінаў