Дызайнер з Наваполацку атрымаў у ЗША $ 100 000 і шыкоўны «Lexus»


Юнак праславіўся, перамогшы ў амерыканскім тэлевізійным шоу, у якім пакарыў журы крэатыўнасцю.

Малады дызайнер з Наваполацку Дзмітрый Шолахаў стаў першым у буйным амерыканскім фэшн-праекце «Проджэкт Ранўэй» (Project Runway). Дызайн распрацаванай ім вопраткі настолькі ўразіў журы, што быў прызнаны найлепшым у фінале дзясятага сезону праекту. Разам з дыпломам пераможца атрымае ад «Ль’Арэаль Пары» $ 100 тыс. на развіццё бізнесу і аўтамабіль«Лэксус» апошняй мадэлі.

«Проджэкт Ранўэй» − папулярнае амерыканскае тэлешоу, у якім спаборнічаюць дызайнеры. Найлепшы атрымлівае $ 100 тыс. на рэкламу ўласнага брэнду. Пераможца дзясятага сезону яшчэ не мае ўласнага брэнду, але ў хуткім часе збіраецца яго заснаваць.

Як паведамляе сайт тэлеканалу Сі-Бі-эС (CBS), які трансляваў шоу, амерыканскія зоркі высока ацанілі дызайн Шолахава. Вядоўца праграмы, нямецкая мадэль Хайдзі Клум, забрала сабе палову фінальнай калекцыі беларуса. Запрошаная суддзя конкурсу, Джэніфэр Гадсан, пабачыўшы працы беларуса, сказала яму: «Гэта раскошна, дарагі!»

33-гадовы Дзмітрый Шолахаў, паводле ягоных словаў, ужо ў 10 гадоў ведаў, што стане дызайнерам. «Я заўжды дакладна ведаў, хто я і чаго я хачу», − прызнаўся майстар. У 18 гадоў Дзмітрый з’ехаў з Наваполацку, адкуль паступова дабраўся да Злучаных Штатаў. Там ён ужо паспеў папрацаваць з такімі вядомымі брэндамі, як «Кэлвін Кляйн» (Calvin Klein), «Джоўнз Нью Ёрк» (Jones New York) і «Джэй Мэндэл» (J. Mendel). Цяпер мадэльер працуе ў Нью-Ёрку.{movie}Выступленне Генадзя Лоскі на польскім «Х-фактары», відэа карыстальніка сервісу youtube.com – tvn.pl |right|7054{/movie}

Беларускія таленты квітнеюць за мяжой

Колькі тыдняў таму стала вядома пра поспех Кірыла Чыкеюка і Арцёма Ставенкі, якія цяпер навучаюцца ў Брытаніі. Студэнты з Беларусі атрымалі ₤ 90 тыс., прыняўшы ўдзел у тэлешоу «Логава цмокаў» на канале Бі-Бі-Сі (BBC).

У фінал украінскага конкурсу «Х-фактар» прайшоў спявак з Жодзіна Жэня Літвінковіч. Праславіліся ва Украіне таксама дзяўчаты з магілёўскага гурта «Бэатрыс», якія ў Беларусі выступалі пераважна ў аграгарадках.

У 2011 годзе беларус Генадзь Лоска перамог у польскім «Х-фактары».

Усе гэтыя людзі з нейкіх прычынаў не змаглі рэалізаваць свае таленты на радзіме.

belsat.eu
https://youtu.be/nCTRIz4_bG0

Глядзі таксама
Каментары