Еўропа рыхтуе беларускі “чорны спіс”


Цяпер у ім ужо больш за 100 асобаў, якім забароняць уезд у краіны Еўразвязу. Як падае бельгійскае выданне “EUObserver”, спісы рыхтуюць амбасады краінаў ЕЗ у Менску.

Нагадаем, у папярэдні спіс уваходзіў 41 чалавек. Прычым рэальна персонамі нон-грата для Еўропы заставаліся камандзір спецназу Дзмітрый Паўлічэнка, былыя міністры ўнутраных справаў Юрый Сівакоў і Уладзімір Навумаў, памочнік прэзідэнта Віктар Шэйман і кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына. Супраць астатніх 36 чыноўнікаў, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, забарону часова “замарозілі”.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі мяркуе, што новы “чорны спіс” можа пашырыцца за кошт кіраўнікоў сілавых ведамстваў і чальцоў іхных сем’яў. Эксперт ухваляе тое, што новыя санкцыі носяць “кропкавы характар” і нагадвае, што Польшча ўжо зрабіла дармавымі нацыянальныя візы, цяпер гэтае пытанне вырашае Літва. “Беларускі рэжым – гэта не ўся краіна, ад санкцыяў не мусяць цярпець шараговыя грамадзяне”, – падкрэслівае Раман Якаўлеўскі.

Ці ў новы “чорны спіс” улучаць прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, еўрапейскія чыноўнікі пакуль не каментуюць. Экстраннае паседжанне Еўрапарламенту ў справе Беларусі прызначанае на 12 студзеня.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары