Правальныя гастролі Кашпіроўскага: ні сеансаў, ні сустрэчы з Лукашэнкам


Анатоль Кашпіроўскі не атрымаў на свае імпрэзы дазволу ад Менскага гарвыканкаму.

Ён збіраўся цягам тыдня праводзіць штодзённыя сеансы ў палацы культуры “Сонечны парк” (былы ДК “Сукно”). На першы сеанс прыйшлі прыкладна 50 чалавек, але ні іх, ні Кашпіроўскага ў будынак не пусцілі. Прадстаўнік адміністрацыі паведаміў прычыну: Анатоль Кашпіроўскі не мае дазволу менскіх уладаў.

Кашпіроўскі планаваў свае гастролі на верасень, але потым перанёс. Сустрэчы ў Менску мелі адбывацца з 21 да 30 кастрычніка: ад 11-й да 15-й гадзіны – бясплатныя, а 19-й – за грошы.

На прэс-канферэнцыі 19 кастрычніка ў Менску псіхатэрапеўт (як ён сам сябе называе) заявіў, што “ў глыбіні душы марыць сустрэцца з Аляксандрам Рыгоравічам [Лукашэнкам]”. Кашпіроўскі лічыць Беларусь “аскепкам СССР” і адчувае “белую зайздрасць, што ў вас такая краіна і прэзідэнт”.

З Беларуссю зорку савецкага тэлеэфіру звязвае тое, што ў Жыровічах (Гарадзенская вобласць) ён жыў у дзяцінстве і скончыў першы клас. “Я мару зноў там пабываць”, – сказаў псіхатэрапеўт.

Гаворачы пра свой метад лячэння, Кашпіроўскі адзначыў, што ён не маг і не экстрасэнс, а доктар-псіхатэрапеўт, які займаецца “карэкцыяй змененай анатоміі”. Сутнасць ягонага метаду – “напад на тканіну, якая атакуе”.

У той жа час Кашпіроўскі адзначыў, што “вырас з пялюшак псіхатэрапеўта” і прынцыпова не выкарыстоўвае гіпнозу ў сваёй практыцы, а некаторыя віды ўздзеяння (напрыклад, калі чалавек падае падчас сеансу) ацэньвае хутчэй як паказальныя, чым неабходныя для лячэння.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары