Мілінкевіч ізноў гатовы ў бой. Палітык запрапанаваў сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта


Лідар руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч гатовы прэтэндаваць на статус адзінага дэмакратычнага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.

“Я сябе ніколі не адчуваў такім маладым, як сёння. Мне 65 гадоў, аднак я не адмаўляюся ад таго, каб прэтэндаваць на статус адзінага кандыдата, адпрацую не горш, чым у 2006 годзе. Але абяцаю: калі абяруць іншага адзінага кандыдата, то буду працаваць на яго”, – сказаў палітык.

Пры гэтым Мілінкевіч лічыць, што “не трэба адразу ўсіх заганяць у адзінства”. Ён адзначыў, што намераны сустракацца і размаўляць з уплывовымі арганізацыямі, якія падтрымаюць ягоную асобу ў якасці адзінага кандыдата.

Мілінкевіч лічыць вельмі небяспечным для апазіцыі тое, што яна “ўвесь час канцэнтруецца на адным Лукашэнку”. “Гэта ўжо становіцца нашым комплексам. Праблема не ў Лукашэнку, а ў тым, што робіцца ў галовах людзей. Прыбярэм з галоваў людзей Лукашэнка, не будзе яго і ва ўладзе”, – лічыць палітык.

Ён падкрэсліў неабходнасць “ісці да людзей”. “Калі мы пераможам у іхных галовах, то станем самаю моцнай арганізацыяй”, – заявіў Аляксандр Мілінкевіч, які быў адзіным кандыдатам на прэзідэнцтва Беларусі ад дэмакратычных сілаў на выбарах 2006 года.

“За Свабоду” зноў з Мілінкевічам

Cёння Аляксандра Мілінкевіча дэлегаты Трэцяй справаздачна-выбарчай канферэнцыі руху «За Свабоду» практычна аднагалосна пераабралі на пасаду старшыні арганізацыі.

Мілінкевіч быў адзіным кандыдатам на пасаду кіраўніка аб’яднання. Пасля працэдуры галасавання Мілінкевіч заявіў: “Абяцаю не быць старшынём бясконца, а цяпер паспрабую працаваць яшчэ лепш”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары