Забароненае крэсла Алеся Пушкіна


З экспазіцыі выставы «ПаСТУЛат-2012», якая адкрылася ў менскай галерэі «Універсітэт культуры», выдалілі крэсла Алеся Пушкіна ў стылі аграгламур. Дзе захоўваецца цяпер гэты твор, аўтар не ведае.

Як паведаміў Алесь Пушкін, узяць удзел у праекце яму прапанаваў старшыня Беларускага саюзу дызайнераў Дзмітрый Сурскі: “Дзмітрый асабіста мяне запрасіў зрабіць да выставы крэсла. Я зрабіў, паслаў яму фатаграфію аб’екта. 3 кастрычніка быў абнародаваны папярэдні спіс удзельнікаў праекту, дзе было і маё прозвішча. У панядзелак я прывёз у Менск тое крэсла. Дзмітрый мне тады сказаў: “Ой, Алесь, лепш бы нам гэтае крэсла прыбраць. Прашу цябе, не дражні гусей, дрот прыбяры, а то будуць праблемы”. Не чакаючы распараджэння начальства, творцы самі здымаюць творы мастацтва! У гэтым я бачу самацэнзуру, яны дзейнічаюць па прынцыпе “абы б чаго не выйшла”.

Пушкін таксама паведаміў, што не ведае, дзе цяпер ягонае крэсла ў стылі аграгламур: “Я прынёс яго і аддаў дырэктару галерэі, яна яго прыняла, запісала ў журнал, што твор прыняты. А пасля проста не выставілі яго. Куды падзелі – невядома”.

Дзмітрый Сурскі патлумачыў сітуацыю з Пушкінавым крэслам наступным чынам: “Так склалася, што Пушкін аказаўся персонай нон-грата, і кіраўніцтва галерэі ў сілу розных прычын не захацела бачыць яго твору ў экспазіцыі. Кажуць пра нейкія міфічныя спісы, якіх ніхто не бачыў. Пушкін нібыта ў гэтых спісах ёсць. Я так і не атрымаў адказаў на свае пытанні. Мне вельмі шкада, што так атрымалася, але Алесь прапіарыўся, прапіарыў нашую імпрэзу. Думаю, што гэта на руку і яму, і нам”.

Гаворачы пра мастацкі бок свайго твору, Пушкін адзначыў: “пазалочанымі цыбулінамі і дротам я хацеў паказаць, што за гламурным фасадам аграгарадкоў хаваюцца сур’ёзныя праблемы. Ну, выставілі б гэтае маё крэсла, пасмяяліся б, выказалі б сваё меркаванне… Не бачу тут нічога крымінальнага. Гэта ж мастацтва, а не плошча!

Сурскі таксама лічыць, што крэсла мастака можна было паказаць публіцы: “Думаю, што ў працы Алеся Пушкіна нічога страшнага няма, яе можна было смела паказваць. Тут шмат падобных аб’ектаў. Вядома, нам было б цікавей бачыць нейкае чыста цэласнае дызайнерскае рашэнне крэсла. У яго ж атрымаўся арт-аб’ект з падтэкстам. Трохі палітычным, а можа, і асабістым. Там ёсць стаўленне да аграгарадка чалавека, які ўсё жыццё пражыў у вёсцы. У яго, відаць, свае патрыярхальныя ўяўленні. Ягоная такая рэакцыя цалкам дапушчальная”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары