Новы досвед ці нявольніцкая праца?


Сярэдзіна восені – самая пара прыбраць з палёў тое, на што не хапіла часу раней. Традыцыйна – не толькі сваймі сіламі, але і з «добраахвотнаю дапамогаю» студэнтаў.{movie}Алесь Крот у “Гарачым каментары” |left|7029{/movie}

Згодна з беларускім заканадаўствам падчас навучання студэнты не павінны выконваць заданняў, не прадугледжаных праграмаю, аднак адміністрацыі ўніверсітэтаў абмінаюць гэты артыкул, спасылаючыся на ўказ прэзідэнта аб студэнцкіх атрадах.

Актывіст прафсаюзнай групы «Студэнцкая Рада» Алесь Крот мяркуе, што гэтыя загады абсалютна незаконныя, бо галоўны прававы дакумент для студэнтаў і выкладчыкаў – менавіта Кодэкс аб адукацыі.

“Меркаванні ж студэнтаў падзеленыя. Адныя лічаць: калі ты прыйшоў на вучобу, то павінен вучыцца, а не займацца другаснымі рэчамі. Але ёсць і тыя, хто па тых ці іншых прычынах кажа, што хоць гэта аніяк не звязанае з вучобаю, але дае нейкі жыццёвы досвед”, – распавядае Крот.

Атрыманне “новага жыццёвага досведу” выліваецца фактычна ў нявольніцкую працу, у выпадку ўхілення ад якой лічыцца, што студэнт прапускае заняткі, да таго ж капанне калгасных палеткаў ніяк не аплочваецца.

“З майго пункту гледжання, улічваючы тое, што нашая эканоміка цалкам адміністратыўная, усе бягуць з вёскі. Гэта проста выйсце з такога стану. Нашыя ўлады яшчэ любяць злоўжываць гэтым, і гэта ламае ўсе прынцыпы навучання. Раз загналі на бульбу, пасля – на нейкія футболы ці хакеі. У выніку з ВНУ будуць выходзіць не зусім якасныя кадры”, – зазначае Алесь Крот.

Разам з тым, актывіст “Студэнцкай Рады” сцвярджае, што змагацца за свае правы можна ў любой сітуацыі, абы было жаданне. Спадар Крот раіць спасылацца на Кодэкс аб адукацыі ды скардзіцца ў вышэйшыя інстанцыі, і лепш рабіць гэта не аднаму, а разам з аднадумцамі.

belsat.eu

Стужка навінаў