Помста пенсіянера. Вясковец абліў бензінам і спрабаваў падпаліць старшыню сельсавету


У Бярозаўскім раёне 78-гадовы мясцовы жыхар хацеў жорстка расправіцца з прадстаўніком улады.

Стары вясковец завітаў у кабінет старшыні сельсавету раніцаю 19 верасня. Мужчына прынёс слоік з-пад кавы, часткова напоўнены палівам. Ён выліў бензін на старшыню мясцовага савету і паспрабаваў падпаліць яго. Прадстаўнік улады зрэагаваў імгненна: ён паспеў выхапіць з рук вяскоўца запалкі, пасля чаго выклікаў міліцыю.

Следчы камітэт высветліў, што ў верасні пажылы мужчына звярнуўся ў сельсавет з просьбаю накіраваць да яго сацыяльнага работніка – дапамагчы на гаспадарцы.

Старшыня і сакратар сельсавету праверылі жыллёва-побытавыя ўмовы пенсіянера. У звязку з тым, што стары атрымлівае пенсію і жыве з дзеяздольным сынам, а таксама, як вынікае з высновы медычнай камісіі, мужчына можа самастойна сябе абслугоўваць, – вяскоўцу адмовілі.

Атрымаўшы афіцыйны дакумент, пенсіянер прыйшоў у сельсавет з бензінам.

У дачыненні пажылога грамадзяніна завялі крымінальную справу.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары