Лукашэнка «прыхарашыў» гісторыю з перасадкаю печані экс-кіраўніку «Масаду»?


Пра тое, што ў Беларусі правялі аперацыю па трансплантацыі печані былому кіраўніку ізраільскага «Масаду», стала вядома падчас прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі расейскім журналістам. Прэзідэнт Ізраілю Шымон Пэрэс сёння патэлефанаваў Лукашэнку і выказаў яму падзяку за гэта.

Разважаючы пра дасягненні Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру трансплантацыі органаў і тканак, Лукашэнка заявіў: «Не хачу апошні прыклад называць, але, напэўна, ён будзе вядомы. Кіраўніка ўчарашняга «Масаду» не ўзяліся нідзе апераваць – патрэбная перасадка печані. Дзесяць дзён прайшло пасля аперацыі. Толькі ў Беларусі ўзяліся апераваць. Амерыка адмовілася, Нямеччына адмовілася, Швецыя адмовілася. Але ўсе рэкамендавалі Алега Румо».

Паводле ізраільскіх медыяў, размова ідзе пра экс-кіраўніка «Масаду» Мэйра Дагана, становішча якога рэзка пагоршылася праз некалькі дзён пасля аперацыі. У прыватнасці, газета «Israel Hayom» паведамляла, што ў апошнія тыдні ў пошуку варыянтаў для лячэння Дагана, у якога пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем, брала ўдзел уся палітычная эліта Ізраілю.

Між тым, як піша газета «Timеs of Israel», аперацыю Дагану ў Менску рабіў доктар Даньел Азулай з Парыжскага цэнтру транспланталогіі. Асіставалі яму вядомыя ізраільскія лекары. Беларуская клініка для правядзення аперацыі была выбраная таму, што дзейныя ў Ізраілі правілы забараняюць праводзіць трансплантацыю печані пацыентам, старэйшым за 65 гадоў, а Мэйру Дагану – 67. І менавіта гэта, паводле прафесара Якава Лаві з медыцынскага цэнтру Тэль а-Шамэр, было перашкодаю да правядзення аперацыі ў Ізраілі.

Сваякі Дагана таксама абверглі словы Лукашэнкі, заявіўшы, што Даган ніколі не звяртаўся да Швецыі з просьбай аб лячэнні, піша брытанская газета «Independent». Паводле іх, Беларусь была выбраная для трансплантацыі печані з той прычыны, што ў Нямеччыне і ЗША давялося б доўга чакаць чаргі.

Паводле інфармацыі 2-га тэлеканала ІТВ, спачатку Дагана планавалі апераваць у Індыі, але ўлады гэтай краіны адмовіліся прыняць яго на лячэнне з-за таго, што ў мінулым ён кіраваў палітычнаю разведкаю.

belsat.eu

Стужка навінаў