У Грэцыі пачаўся ўсеагульны аднадзённы страйк


Жыццё краіны практычна спаралізаванае: не працуюць усе дзяржаўныя ўстановы, спынены рух цягнікоў і караблёў, а ў афінскі Акропаліс не пускаюць турыстаў.{movie}Грэкі пратэстуюць супраць палітыкі эканоміі|left|6991{/movie}

24-гадзінны грэцкі страйк прымеркавана да пачатку саміту Еўразвязу ў Бруселі. Гэтак грэкі хочуць выказаць пратэст супраць новых захадаў эканоміі, якія ўрад збіраецца ўвесці ў абмен на фінансавае падтрыманне Еўразвязу і МВФ. Пратэстоўцы падкрэсліваюць, што ашчаджэнне найбольш балюча ўдарыць па працоўных і пенсіянерах. Крызіс моцна паўплывае таксама на пагаршэнне сістэмаў адукацыі ды аховы здароўя.

У канцы верасня грэцкія прафсаюзы ўжо абвяшчалі ўсеагульны 24-гадзінны страйк на знак пратэсту супраць дадатковага скарачэння дзяржвыдаткаў на 11,5 млрд еўраў.

Масавыя дэманстрацыі пратэсту праходзяць на фоне паведамленняў аб «значным прагрэсе» на перамовах ураду Грэцыі з тройкаю міжнародных крэдытораў: ЕЗ, Еўрапейскім цэнтральным банкам і Міжнародным Валютным Фондам.

З 2010 г. яны аказваюць краіне фінансавае падтрыманне ў абмен на скарачэнне бюджэту, заробкаў і структурныя рэформы. У выпадку паспяховага завяршэння перамоваў з тройкаю Грэцыя атрымае чарговы транш памерам 31,5 млрд еўраў, без якога да канца лістапада застанецца без наяўных грошай.

belsat.eu

Стужка навінаў