Стабільнасць ува ўсім. Палату прадстаўнікоў ізноў узначаліў Уладзімір Андрэйчанка


Старшынём Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу V склікання абраны Уладзімір Андрэйчанка, які займаў гэтую пасаду ў ніжняй палаце мінулага склікання. За ягонае абранне выступілі 105 са 108 дэпутатаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні. Тры бюлетэні прызнаныя несапраўднымі.

Андрэйчанка быў адзіным прэтэндэнтам на пасаду старшыні Палаты прадстаўнікоў. Ягоную кандыдатуру прапанаваў дэпутат Сяргей Канопліч, матывуючы гэта тым, што Андрэйчанка мае «багаты вопыт парламентарызму» і «шмат зрабіў для прасоўвання Палаты прадстаўнікоў на міжнароднай арэне». «На сустрэчах з пасламі замежных краінаў ён паказаў сябе дасведчаным палітыкам, які ўмела прасоўвае інтарэсы Беларусі», – заявіў Канопліч.

Сам Андрэйчанка, выступаючы перад дэпутатамі, адзначыў, што перад новым складам парламенту стаяць «маштабныя і значныя задачы». У прыватнасці, трэба будзе «дэталёва вывучыць» практыку прымянення выбарчага заканадаўства з улікам мінулых выбараў і ўнесці ў яго карэкціроўкі.

Гаворачы аб міжнароднай дзейнасці, Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што неабходна «спыняць усе спробы размаўляць з намі сілаю». Таксама ён выступае за прамыя трансляцыя парламенцкіх дыскусіяў на тэлебачанні.

Уладзімір Андрэйчанка паходзіць з вёскі Мар’янава на Лёзненшчыне. Ён закончыў Велікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут і Менскую вышэйшую партыйную школу. Працоўную дзейнасць пачаў у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці ў якасці агранома. Цягам 17 гадоў працаваў у Лёзненскім раёне па камсамольскай і партыйнай лініі. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь XII склікання (1990–1994).

У лістападзе 1994 г. Андрэйчанка быў прызначаны старшынём Віцебскага аблвыканкаму. Ён быў чальцом Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трох скліканняў. Уваходзіў у склад сталай камісіі ў пытанні эканомікі, бюджэту і фінансаў Савету Рэспублікі.

Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары