Валер Карбалевіч: адсутнасць адзінага кандыдата вядзе да разгубленасці ды апатыі


Адмова Аляксандра Мілінкевіча ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах у якасці кандыдата можа падштурхнуць частку выбарнікаў адмовіцца ад галасавання – упэўнены палітолаг Валер Карбалевіч. Пры гэтым, на думку эксперта, негатыўна на настроі выбарнікаў уплывае і адсутнасць згуртаванасці ў шэрагах беларускай апазіцыі.

“Адсутнасць адзінага кандыдата, вялікая колькасць апазіцыйных кандыдатаў вядзе да разгубленасці, апатыі ды няверы ў перамены, – кажа Валер Карбалевіч. – А калі цяпер самы вядомы апазіцыйны палітык сыходзіць, то гэтая праблема абвастраецца”. Аднак палітолаг падкрэслівае, што пакуль рана ацэньваць рашэнне Мілінкевіча не балатавацца на найбліжэйшых выбарах: “Пытанне ў тым, ці ён увогуле сыходзіць з беларускай апазіцыйнай палітыкі, ці наадварот – шмат хто кажа, што няўдзел у выбарах узмоцніць ягоныя пазіцыі ў поствыбарчы перыяд”.

Валер Карбалевіч у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат” таксама заявіў, што рашэнне Мілінкевіча не балатавацца пацягне складанасці ў дачыненнях з еўрапейскімі палітыкамі. “Праблема ў тым, што няясна, з кім размаўляць і хто рэпрэзентоўвае беларускую апазіцыю”, – дадаў палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў