Сяргей Балыкін: У Беларусі немагчыма зарабіць вялікіх грошай, застаючыся сумленным


https://youtu.be/Zbe9Ql3btKU

Паводле падлікаў кампаніі “Wealth-X”, з 45 еўрапейскіх краінаў Беларусь займае 27 месца паводле колькасці заможных людзей. Даследнікі цвердзяць, што ў нашай краіне жывуць 115 асобаў, якія маюць больш за $ 30 млн.{movie}Сяргей Балыкін у “Гарачым каментары”|left|6976{/movie}

Эканамічны аналітык Сяргей Балыкін мяркуе, што вялікія грошы ў Беларусі можна зарабіць легальна толькі ў выпадку добрых стасункаў з чынавенствам і сям’ёю кіраўніка дзяржавы. Паводле эксперта, у Беларусі немагчыма шмат зарабіць, застаючыся адначасова сумленным чалавекам.

Разам з тым, эксперт перакананы, што меркаванне пра высокі дабрабыт беларусаў – усяго толькі міф, на якім будуецца дзяржаўная прапаганда. «Трэба глядзець не на стэрэатыпы, а на свае кішэні ды страўнікі. Лічыцца, што ў Беларусі самыя танныя аўтамабілі, але ў Расеі яны таннейшыя пры больш высокіх заробках», – падаў прыклад адмысловец.

Балыкін лічыць, што ў Беларусі, як і ў любой дыктатарскай краіне, «шалёныя грошы» зарабляе толькі невялічкае кола людзей, прыбліжаных да дзяржаўнага кіраўніцтва. «Калі прыціскаюць канкурэнтаў, даюць магчымасць гандляваць на рынку без перашкодаў – зарабляюць толькі некаторыя, іншыя ж зарабіць не могуць», – звярнуў увагу госць «Гарачага каментара».

Эканаміст заявіў, што ў Беларусі практычна няма сярэдняга класу. Паводле адмыслоўца, прадстаўнікі сярэдняга класу – гэта тыя, хто можа набыць прынамсі дом і добры аўтамабіль. «Ці ёсць у нас такія людзі?» – задаў рытарычнае пытанне эксперт. Ён падкрэсліў, што шмат хто з беларусаў большую частку свайго заробку выдаткоўвае на першасныя патрэбы – ежу і жытло.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары