«Известия»: кампрамат на Удальцова збіраў беларускі КДБ


Калі следства давядзе, што расейскі апазіцыянер рыхтаваў тэракты, яму пагражае пажыццёвае зняволенне.

Паводле расейскага выдання «Известия», спецслужбы даўно «распрацоўвалі» каардынатара «Левага фронту» Сяргея Удальцова. Скандальны фільм «Анатомія пратэсту–2» стаў толькі падставаю для ініцыявання крымінальнай справы аб арганізацыі беспарадкаў супраць яго і двух ягоных паплечнікаў.

На думку следства, у адным з сюжэтаў фільму паказваецца, як Удальцоў, ягоны памочнік Канстанцін Лебедзеў і Леанід Развазжаеў, памочнік дэпутата Дзярждумы Ільі Панамарова, сустракаліся ў Менску з грузінскімі палітыкамі ды абмяркоўвалі з імі розныя акцыі, у тым ліку і тэракты.

{movie}Фільм «Анатомія пратэсту–2» |left|6972{/movie}«Устаноўлена, што голас, у тым ліку з сюжэтаў, знятых схаванаю камераю відэаназірання, – у фільме «Анатомія пратэсту–2» належыць Удальцову, а сустрэча, фрагменты якой паказаныя ў фільме, адбывалася ў другой палове чэрвеня 2012 года ў жылым памяшканні ў Менску», – заявіў «Известиям» афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Расеі (СКР) Уладзімір Маркін.

17 кастрычніка а 6-й гадзіне раніцы некалькі аператыўнікаў і працаўнікоў СКР уварваліся ў кватэру, якую апазіцыянер здымаў у Маскве, і правялі там ператрус. Удальцову ды іншым фігурантам гэтай справы пагражае да 10 гадоў зняволення; калі следству ўдасца даказаць іхнае дачыненне да рыхтавання тэрактаў, гэта можа скончыцца для іх нават пажыццёвым зняволеннем.

Крыніца «Известий» у спецслужбах заявіла, што сабраць кампрамат на Удальцова і людзей з ягонага атачэння дапамаглі прадстаўнікам расейскіх спецслужбаў беларускія калегі. Афіцыйныя асобы КДБ Беларусі ды ФСБ Расеі адмовіліся пракаментаваць выданню сітуацыю вакол Удальцова і фільму «Анатомія пратэсту–2».

Былы супрацоўнік КДБ, экс-дэпутат Дзярждумы Генадзь Гудкоў лічыць, што сілавікі “злілі” матэрыял тэлеканалу, каб не тлумачыць, адкуль у іх ўзялася незаконная здымка схаванай камерай.

Адвакат Яўген Чарнавусаў нагадаў, што калі доказы ў справе здабытыя з парушэннем закону, то яны прызнаюцца недапушчальнымі.

belsat.eu

Стужка навінаў