Ці валодае Папа Рымскі самаю дарагою калекцыяй аўтамабіляў?


Ватыканскі музей транспарту (The Vatican Carriage Museum) адкрыў выставу транспартных сродкаў, якімі ездзілі Папы Рымскія і кардыналы.

Найбольш экстравагантна выглядае драўляная карэта «Berlina di Gran Gala», створаная ў 1826 г. для Папы Леа XII. Яна ўяўляе з сябе мабільную тронную міні-залу. Па рымскіх вуліцах карэта імчала, запрэжаная шасцёркай коней.

Ужо ў 1920-я ў Ватыкане з’явіўся цэлы шэраг аўтамабіляў: «Bianchi Tipo 15», «Bianchi Tipo 20», «Fiat 525», «Graham Paige 837», «Citroen C6 Lictoria Sex» і «Mercedes 460 Nurburg».

Конныя экіпажы канчатковы адышлі ў гісторыю ў 1931 г., калі ў горадзе-дзяржаве ўвялі афіцыйную рэгістрацыю транспартных сродкаў. Папскі аўтамабіль атрымаў нумар SCV 1.

Аматары аўтамабільнай гісторыі дзякуючы выставе даведаюцца, што пасля бамбавання Рыму амерыканцамі Папа Пій XII выехаў з Ватыкану на «Mercedes 230», каб супакоіць жыхароў Сан-Лярэнца – разбуранага прадмесця італьянскай сталіцы. Але аўтамабіль зламаўся, і вяртацца давялося ўжо на «Graham Paige 837», выпушчаным у Дэтройце ў 1929 г. Фотаздымак Пія XII на прыступцы аўтамабіля, са скіраваным у неба позіркам і ўскінутымі рукамі, стаў адною з самых вядомых выяваў, зробленых падчас Другой сусветнай вайны.

Першае аўта з’явілася ў Ватыкане ў 1909 г. Гэта быў падарунак архіепіскапа Нью-Ёрку. Але Папа, на той час – Пій Х, адмовіўся яго выкарыстоўваць. Ён лічыў аўтамабіль занадта шумным для ватыканскіх садоў і працягваў ездзіць у брычцы, запрэжанай канём.

Першы «Папамабіль» («Popemobile») з’явіўся ў 1975 г. На ім падчас святкавання юбілею Рыму Папа Павел VI выехаў, каб яго можна было добра разгледзець з натоўпу. Паездка ж адкрытым «Папамабілем» для Яна Паўла ІІ ледзь не скончылася трагічна. У 1981 г. на плошчы св. Пятра ў яго выстраліў чалец турэцкай ультраправай групоўкі Мэхмэт Алі Агджа. Куля трапіла ў жывот.

belsat.eu

Стужка навінаў