Оўбама – Ромні, лік па дэбатах – 1:1


У другім туры дэбатаў кандыдатаў на прэзідэнта Злучаных Штатаў Барак Оўбама ўзяў рэванш у Міта Ромні за папярэдні няўдалы выступ. Гарачыя спрэчкі вяліся вакол атакаў на амерыканскія амбасады ў Лівіі ды скарачэння дэфіцыту бюджэту.

Палітыка вакол тэракту

Оўбама быў значна больш рэзкі і энергічны, чымся два тыдні таму, калі ён не змог абараніцца перад крытыкаю Ромні, чым даў рэспубліканцам надзею на перамогу. Дзейны прэзідэнт адхіліў абвінавачанні ў бяздзеянні пасля нападу на амерыканскую амбасаду, у выніку чаго загінулі чацвёра дыпламатаў. {movie}Дэбаты ў ЗША|right|6963{/movie}

«Я – прэзідэнт. І гэта я заўсёды адказны. І менавіта таму ніхто не быў зацікаўлены ў высвятленні таго, што здарылася, мацней за мяне. Губернатар, у дзень пасля нападу я стаяў у “Роўз Гардэн” і казаў амерыканскаму народу, што мы збіраемся дакладна высветліць, быў гэта акт тэрарызму ці не. І я таксама сказаў, што мы збіраемся знайсці адказных за гэтае злачынства. Праз некалькі дзён я разам з сем’ямі загінулых сустракаў труны на базе паветраных сілаў імя Эндруса. І меркаванне, што хтосьці з маёй каманды, ці то дзяржсакратар, ці то наш прадстаўнік у ААН граў у палітыку ці ўвёў грамадзянаў у зман, калі мы згубілі чатырох нашых, спадАру губернатар, проста абразлівае. Мы так не робім. Так не раблю я як прэзідэнт і я не раблю так як галоўнакамандуючы», – заявіў Оўбама.

Дэмакрат абвінаваціў Ромні ў палітызацыі трагедыі, калі праз некалькі дзён пасля нападу той абвінаваціў штаб Оўбамы ў тым, што не было высветлена, ці быў гэта арганізаваны напад, ці спантанная дэманстрацыя.

Як зменшыць дэфіцыт?

Паводле Міта Ромні, сярэдні амерыканец зарабляе 250 тыс. долараў на год. Гэтыя словы пацвердзілі адарванасць кандыдата-мільянера ад рэальнага стану рэчаў, бо, паводле статысткі, сярэдні даход у ЗША складае 30–40 тыс. на год.

Ромні спрабаваў дыстанцыявацца ад сваіх папярэдніх словаў і вінаваціў Оўбаму ў тым, што той за свой прэзідэнцкі тэрмін не выправіў эканамічнай сітуацыі ў краіне, як абяцаў.

«Прэзідэнт спрабаваў, але ягоная палітыка не спраўдзілася. У яго выдатна атрымліваецца гаварыць і распавядаць пра свае планы ды ідэі. Гэта выдатна, калі не ўлічваць таго, што ён быў проста не ў стане зменшыць дэфіцыт і ўпарадкаваць рэформы бясплатнай медычнай дапамогі і сацыяльнага забеспячэння, каб захаваць рост прыбытку, які нам неабходны», – казаў ён.

У адказ Оўбама зазначыў, што ў яго ёсць план павялічыць падатак для найбольш заможных грамадзянаў, што дазволіць бяднейшым плаціць менш. У той час калі Ромні не мае канкрэтных прапановаў, акрамя абяцання не павялічваць і нават панізіць падаткі для самых заможных.

Паводле апытання CNN, сярод выбарнікаў, што глядзелі дэбаты, 46 % аддаюць перамогу ў іх Оўбаме, а 39 % – Ромні. Улічваючы перавагу дэмакратаў перад першымі дэбатамі, у рэспубліканцаў застаўся апошні шанец на выпраўленне сітуацыі ў заключных дэбатах 22 кастрычніка.

belsat.eu

Стужка навінаў