Лукашэнка журналістам: Без Расеі нам ніяк (абноўлена)


“Беларусі ды Расеі ў гэтым бурным і вечна канкурэнтным свеце адзін без адной ніяк нельга”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы прэс-канферэнцыю для расейскіх рэгіянальных медыяў у Менску.

{movie}«Мы абараняем Еўразвяз сваім коштам» (аўдыё)|left|6943{/movie}«Мы абараняем Еўразвяз сваім коштам»

Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што Беларусь перадухіліла масавую нелегальную міграцыю ў краіны Еўразвязу, Паводле кіраўніка дзяржавы, гаворка ідзе пра дзясяткі тысячаў чалавек на год. “Мы, як дурачкі, уласным коштам усё, што ідзе з Афганістану праз Расею, лавілі тут, – гаворыць Аляксандр Лукашэнка. – Выбухоўка, радыеактыўныя матэрыялы, нарката. Мы тут усё адсейваем! Навошта нам гэта трэба? Яны ж не да нас ідуць! Яны ідуць праз Расею ў Еўразвяз. Яны нас “шпыняюць”, а мы за свае грошы іх абараняем. Я і кажу: плаціце грошы – будзем далей абараняць. Не будзе грошай – у нас няма магчымасцяў”.

Пасля гэтай заявы, паводле Лукашэнкі, праз мяжу прайшло вельмі шмат нелегалаў. “Сёння мне дакладаюць: у Літве і Польшчы перапоўненыя канцлагеры каўказцамі, чачэнцамі, афганцамі”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Да Сталіна, да Леніна мне вой як далёка»

“Я далёкі, далёкі ад Уладзіміра Ілліча [Леніна] ды Іосіфа Вісарыёнавіча [Сталіна], бо мне тупаць да іх і тупаць”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з карэспандэнтам газеты “Правда”.

У мяне, вядома, крыху свая ацэнка, чым у расейскім грамадстве цяпер, перыяду Сталіна і Леніна, але лічу, прынамсі: мы да іх так ставіцца не маем. Гэта нашыя былі кіраўнікі. Ленін стварыў дзяржаву, Сталін яе ўмацаваў, і я кажу: пройдзе яшчэ паўстагоддзя – як жа нас ацэняць? Вось мяне, калі вось у нас яшчэ пачнуць падтрымліваць тэндэнцыю, што на Захадзе, гэта горш за Сталіна, людзей на вуліцы лавіў, еў, асабліва жанчын, з’ядаў. Вось дакладна так дэманізуюць Сталіна і Леніна”, – сказаў кіраўнік Беларусі.

{movie}Як даставіць агуркі ў Омск? Лукашэнка высоўвае прэтэнзіі Расеі|left|6937{/movie}Лукашэнка: роўных умоваў няма!

Лукашэнка паскардзіўся журналістам на тое, што няма роўных эканамічных умоваў для прадпрыемстваў Расеі ды Беларусі. Як прыклад ён прывёў кошты на газ. “Шмат размоваў пра тое, што Беларусь, калі аддала “Белтрансгаз”, атрымала танны кошт на газ. Супакойцеся! Усё там падлічана! – заявіў кіраўнік дзяржавы. – Наш БелАЗ, нашыя прадпрыемствы атрымліваюць столькі, а ў Расеі кошты ў два разы меншыя. Гэта роўныя ўмовы для працы? Як я магу прывезці, напрыклад, у Омск сваім землякам агуркі ды там прадаць, калі ў мяне ў два разы большы сабекошт? Яшчэ і правязі паспрабуй! Якая тут канкурэнцыя? Няроўныя ўмовы!

Таксама Лукашэнка не задаволены тым, што Беларусь амаль не здабывае нафты ў Расеі. “Сёння ў Венесуэле здабываем нафту і газ, а ў нашай Расеі – не! А чаму? Чаму англічане, амерыканцы пампуюць нафту і прыродны газ, прадаюць, а беларусаў вы туды не пускаеце?” – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка пра АЭС: Чаго баяцца, калі па перыметры Беларусі і так стаяць АЭС?

“Цяпер большасць насельніцтва падтрымлівае гэтае рашэнне. Галоўны мой аргумент: Чарнобыль, яшчэ пару атамных станцыяў побач, Літва, Калінінград. Па перыметры Беларусі стаяць АЭС. Чаго баяцца? Будзе на 25 кіламетраў, але нашая. Баяцца няма чаго”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што людзі “заражаныя радыеактыўнаю фобіяй” і пераканаць іх на карысць АЭС вельмі цяжка.

Пра «Femen»: Няхай ходзяць

Акцыя Акцыя “Femen” у Менску. Фота bymedia.netАляксандр Лукашэнка заявіў, што актывісткі “Femen” ладзяць свае акцыі дзеля “карцінкі”, ды згадаў іхны прыезд у Менск.

“Хадзілі-целяпаліся тут. Я кажу: не чапайце іх. Хай ходзяць, пабачаць іх – ну, дзве тысячы чалавек… Бо калі мы іх хапаць пачнем – то яны і грудзі на плячо пакладуць, сфатаграфуюць і дзесьці скажуць, што гэта я. Не трэба. Проста акуратненька падабраць момант… Бо ўсё роўна ў інтэрнэт выкладуць, і усе паглядзяць. Адзін раз пахадзілі, другі раз хацелі прыехаць – не прыехалі”, – з усмешкаю сказаў Лукашэнка.

Пра тое, што візіт украінскіх феміністак скончыўся таямнічым выкраданнем дзяўчат, Лукашэнка не стаў згадваць.

Лукашэнка пра зборную па футболе: Ганьба нацыі

{movie}Лукашэнка пра зборную па футболе: Ганьба нацыі|left|6938{/movie}“Да нас іспанцы мусілі прыехаць, і ўсе стогнуць, я думаю: ладна. Уключым адміністратыўны рэсурс. Збяром людзей для гэтай зборнай і пабачым, як згуляюць. Такой ганьбы нацыі, як гуляла нашая зборная, хай і з чэмпіёнамі свету, я не бачыў. Прабачце мяне – абкакаўшыся выйсці на поле? З дрыжыкамі ў руках і нагах? Грузіны гулялі да апошняй хвіліны – 0:0, выпадкова ім іспанцы гол забілі, а мы?” Лукашэнка таксама папрасіў “перадаць прывітанне” футбалістам. “Гэта я ім людзей збіраў”, – заявіў Лукашэнка. І дадаў, што на матч з Грузіяй збіраць людзей не будзе.

Саюзная дзяржава

Адна з тэмаў, якая найбольш хвалюе расейскіх журналістаў, – пабудова Саюзнай дзяржавы Беларусі ды Расеі. “За дзесяць гадоў мы сталі сведкамі шматлікіх, я б сказаў, лёсавызначальных падзеяў у жыцці нашых дзяржаваў. Нашыя краіны прайшлі на гэтым адносна кароткім адрэзку часу няпросты шлях. Тут было ўсё – ад вострых спрэчак, нават канфліктаў, у дачыненнях паміж Расеяй і Беларуссю да братэрскага падтрымання ў вельмі складаныя моманты гісторыі”, – канстатаваў Лукашэнка.

Саюзную дзяржаву Беларусі ды Расеі Аляксандр Лукашэнка назваў “сапраўды ўнікальным інтэграцыйным утварэннем”. “Мы тут маем ужо не толькі парасткі, але сістэму і структуру, якая дазволіць нам пры жаданні, як цяпер прынята казаць, элітаў нашых дзяржаваў вельмі хутка прасунуцца да стварэння магутнага дзяржаўнага аб’яднання”, – рэзюмаваў ён.

Чарговая дэлегацыя расейскіх журналістаў прыехала у Беларусь у межах “прэс-туру”. У ім бяруць удзел каля 90 прадстаўнікоў 80 расейскіх медыяў. Арганізатарамі прэс-тураў выступаюць сталы камітэт Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі ды амбасада Беларусі ў Расейскай Федэрацыі. Фінансуюцца туры з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Цяперашні візіт – дзясяты.

belsat.eu

Стужка навінаў