Беларусь – Еўразвяз: доўгае таптанне на месцы


Еўразвяз працягнуў тэрмін дзеяння санкцыяў супраць Беларусі да 31 кастрычніка 2013 года. Яшчэ напярэдадні паседжання Рады Еўропы вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у пытаннях вонкавай палітыкі Кэтрын Эштан ацаніла мінулыя парламенцкія выбары ў Беларусі як “змарнаваную магчымасць наладзіць стасункі з Захадам”.

Паводле назіральнікаў, поспехам для Беларусі можна лічыць ужо тое, што санкцыі не сталі больш жорсткімі. На гэты момант 210 беларускіх чыноўнікаў не маюць права наведваць краіны Еўразвязу і некалькім бізнесоўцам забаронена весці там сваю дзейнасць.

Паводле польскага палітычнага аналітыка Анны Дынэр, гэтае рашэнне замацоўвае нязменнасць еўрапейскай палітыкі ў дачыненні Беларусі. {movie}Анна Дынэр у “Гарачым каментары”|right|6935{/movie}

Прычым у “чорным спісе” застаўся і міністр замежных справаў нашай краіны Уладзімір Макей. “Раней Макея называлі асобаю, з якою Еўразвяз можа весці дыялог. Да таго ж яго ўключылі ў гэты спіс толькі праз пасаду. А ўлетку хадзілі чуткі пра тое, што яго са спісу выключаць”, – адзначае спн. Дынэр. Разам з тым, дыпламатычны пашпарт і новая пасада –кіраўнік МЗС – дазваляюць Макею без абмежаванняў здзяйсняць афіцыйныя візіты ды наведваць саміты.

Адмыслоўца звяртае ўвагу, што ўпершыню за апошнія паўгода Еўразвяз практычна адзінадушны ў сваёй пазіцыі адносна Беларусі.

“Рэакцыя на тое, што здарылася з амбасадарамі ЕЗ, Польшчы і Швецыі, прывяла да таго, што пакуль Менск не выканае патрабаванняў Бруселю, Еўропа кроку наперад не зробіць”, – сцвярджае Анна Дынэр.

Еўразвяз зноў кажа пра неабходнасць неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў, аб правядзенні свабодных і дэмакратычных выбараў. У сваю чаргу афіцыйны Менск называе такія ўмовы ціскам і ўмяшаннем ва ўнутраныя справы краіны.

Еўразвяз кроку наперад не зробіць, аднак ці варта чакаць, што Беларусь пойдзе насустрач першая?

belsat.eu

Стужка навінаў