Беларуская чупакабра: усцяж з'яўляюцца новыя версіі


Таямнічая істота тэрарызуе мястэчка Старобін. Ейнымі ахвярамі сталіся дзясяткі курэй, індыкоў і трусоў, пацярпелі нават свінні ды сабакі. Пачвара выламала штыкеціны ў плоце і прагрызла сетку з металёвага дроту.

Кенгуру-вампір?

Шасцітысячнае насельніцтва пакутуе праз чупакабру яшчэ з зімы. Аднак толькі на мінулым тыдні мясцовыя жыхары, відаць, страціўшы надзею на праваахоўныя органы, патэлефанавалі журналістам.

У мястэчку распавядалі, што пачвара рухаецца скокамі, прагрызае або выломвае плот і выпівае кроў са свойскае жывёлы.

Адзін з маладзёнаў прызнаецца: пасля нападаў на жывёлу страшна выходзіць на вуліцу і людзям. {movie}Апытанне на цёмных вуліцах Старобіна|right|6921{/movie}

“Чуў, што па дахах скача. Ростам з паўметра. Нешта сярэдняе паміж кенгуру і сабакам, галава валасатая, два іклы. Па радыё кажуць, што гэта рысь. Але я ў такое слаба веру. Гэтая істота дакладна не рысь, не ліса, не тхор і не куна. Калі шчыра, то страшнавата выходзіць на двор”, – прызнаецца малады чалавек.

Іншы мужчына, каб выйсці ўвечары, мусіў трохі “прыняць для смеласці”.

“Думаю, гэта тхор, бо ён таксама птушак не есць, а толькі душыць. Хаця і куна так робіць, але гэта не яна… Можа, тут нешта іншае”, – падзяліўся сумневамі мужчына.

Мясцовыя жыхары спрабуюць узяць ахову людзей і гаспадарак ва ўласныя рукі: арганізоўваюць начныя варты і ставяць пасткі.

Драпежны бабёр?

Журналісты здолелі ўсё ж адшукаць чалавека, які бачыў „чупакабру” на ўласныя вочы. {movie}Старобінцы пра Чупакабру|right|6922{/movie}

„Гэта было зімою, дзесьці пасля Новага года”, – распавядае Пётр Адамовіч. Я ехаў на працу і дарогу мне перабегла нейкая гарбатая жывёліна, кшталту бабра, з даўгім хвастом. Машына наблізілася і яна ўцякла”. – распавядае ён.

На вуліцы, дзе жыве сям’я Адамовічэй пакуль ціха – тут „Чупакабра” не з’яўлялася.

Менш пашансавала Віктару Шаматульскаму, у якога невядомая істота забіла каля двух дзясяткаў курэй.

Ён паказвае на плот з боку вуліцы: „Вось тут былі адарваныя дзве штакеціны. А ў адной курыцы вантробы былі выедзеныя – рэшту проста задушылі”. – распавядае Шаматульскі.

На плоце бачныя вялікія сляды зубоў, ці кіпцюроў.

Чупакабра не ловіцца

Пасля асвятлення старобінскай бяды ў медыях, справай усё ж такі занялася міліцыя. Як паведаміў БелТА намеснік кіраўніка РАУС Салігорскага раёну Віталь Сіротка, у забойстве птушак падазраюць бадзяжных сабак. Паводле ягоных словаў, мясцовы жыхар бачыў, як сабака выбягаў з падворку, дзе пасля знайшлі забітых птушак.

Аднак самі праваахоўнікі прызнаюць: гэта не тлумачыць таго, што з ахвяраў выпітая кроў, а тушкі некранутыя…

Капацэвіцкі след

За некалькі кіламетраў ад тэрыторыі палявання чупакабры месціцца вёска Капацэвічы. Тут вынайшлі свой спосаб барацьбы з таямнічай істотаю. {movie}Як бароняцца ад Чупакабры ў Капацэвічах|right|6923{/movie}

“У нас ялінка была вельмі высокая, падчас буры магла паваліцца на страху. Пастанавілі верх спілаваць. А на камель сын павесіў малпу – ужо трэці год ахоўвае хату”, – распавядае мясцовая жыхарка Ніна Новік.

Жанчына пра чупакабру чула, аднак рыжы плюшавы арангутанг пакуль абараняе яе гаспадарку ад пачвары.

belsat.eu

Стужка навінаў