«Архімандрыт» атрымаў першае месца на фестывалі «Покров»


Дакументальны фільм “Архімандрыт” рэжысёра Юрыя Каліны знялі ў беластоцкім аддзеле Польскага грамадскага тэлебачання TVP S.A. на замову “Белсату”. Здымаў фільм аператар Раман Васілюк.

На Х Міжнародным фестывалі праваслаўнага кіно “Покров” у Кіеве “Архімандрыту” далі першае месца ў намінацыі “Дакументальнае кіно”. Гэта адзіная польская стужка, якая ўдзельнічала ў конкурсе.

“Мяне цешыць, што польскі фільм аб праваслаўных верніках з Падляшша атрымаў узнагароду на фестывалі, які праходзіць у калысцы ўсходнееўрапейскага праваслаўя <…> Паводле некаторых крыніцаў, манахі з Кіева ў XIII–XIV стагоддзях таксама пабывалі ў месцы, дзе цяпер будуе сваю пустэльню герой майго фільму айцец Гаўрыіл”, – падзяліўся ўражаннямі з “Белсатам” рэжысёр фільму Юрый Каліна.

Сюжэт фільму

Фільм распавядае пра архімандрыта Гаўрыіла – праваслаўнага манаха, беларуса з Падляшша ў Польшчы. Ён заснаваў ля ракі Нарвы скіт Кудак, дзе пражыў некалькі гадоў у малітвах – без электрычнасці, водаправоду, без сувязі з вонкавым светам.

Праз пяць гадоў пасля заснавання “пустэльні” мясцовыя праваслаўныя дапамаглі паставіць там драўляную царкву, дом для манахаў ды іншыя гаспадарчыя пабудовы. Неардынарная асоба манаха-пустэльніка Гаўрыіла прыцягвае паломнікаў, з кожным ён імкнецца знайсці агульную мову, дае карысныя духоўныя парады, лечыць зёлкамі ды мёдам са сваёй пасекі.

Але найбольшы клопат для архімандрыта – тое, што ён пакуль не можа знайсці сабе пераемніка: у сучасным свеце цяжка застацца сапраўдным манахам-пустэльнікам, бо тады трэба адмовіцца ад камфорту цывілізацыі, ад кантактаў з блізкімі…

Узнагароды

Гэта не першая ўзнагарода фільму. Зусім нядаўна На фестывалі “Magnificat’2012” стужку ўзнагародзілі за слушнае адлюстраванне ролі святара ў сучасным жыцці. Раней яго адзначылі за аператарскае майстэрства на XI Міжнародным фестывалі дакументальных фільмаў “Кінолітопис-2012” у Кіеве. “Архімандрыт” атрымаў таксама статуэтку “Залаты Мэльхіёр” у катэгорыі “Натхненне года” на Агульнапольскім конкурсе дакументалістаў Польскага радыё “Melchiory’2012”.

Пра фестываль “Покров”

Патрон фестывалю – Украінская праваслаўная царква. Сёлета ў ім удзельнічала больш за 30 дакументальных, кароткаметражных і анімацыйных фільмаў перадусім з Расеі, Украіны, Беларусі ды Грузіі. Першы раз арганізатары зладзілі таксама конкурс мастацкіх стужак, у якіх парушаецца праваслаўная тэматыка. Галоўную ўзнагароду ў гэтай намінацыі атрымаў “Дырыжор” Паўла Лунгіна.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары