Лукашэнка дзясяты раз пакажа расейскім журналістам «сапраўдную Беларусь»


{movie}Павел Селін пра прэс-тур расейскіх журналістаў (архіў)|left|6914{/movie}Чарговая дэлегацыя расейскіх журналістаў прыехала у Беларусь у межах «прэс-туру». У ім бяруць удзел каля 90 прадстаўнікоў 80 расейскіх медыяў.

Апошні такі прэс-тур адбыўся ў траўні 2012 г. Што праўда, тым разам Аляксандр Лукашэнка не сустрэўся з прадстаўнікамі расейскіх медыяў. «Калі я не памыляюся, то ёсць дзве краіны ў свеце, якія прывозяць журналістаў з-за мяжы. Гэта Беларусь і Паўночная Карэя», – гэтак тады ў інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» пракаментаваў гэтую з’яву вядомы расейскі тэлежурналіст Павел Селін.

Па выніках беларускіх прэс-тураў, у якіх бяруць удзел збольшага прадстаўнікі рэгіянальных медыяў, у расейскай прэсе з’яўляюцца дзясяткі публікацыяў, што малююць чытачам Беларусь як ідэальную краіну, дзе дзяржава клапоціцца пра кожнага грамадзяніна, а на вуліцах спакойна і чыста.

Агульны тыраж прадстаўленых у гэтым прэс-туры друкаваных выданняў складае амаль 3 млн асобнікаў, а патэнцыйная радыя- і тэлеаўдыторыя, з улікам шэрагу федэральных медыяў, складае больш за 130 млн чалавек, паведамляе Нацыянальны прэс-цэнтр Рэспублікі Беларусь.

Асноўная частка прэс-туру пройдзе ў Берасцейскай вобласці і Менску. Расейскія журналісты наведаюць Нацыянальную акадэмію навук, Парк высокіх тэхналогіяў, Рэспубліканскі цэнтр транспланталогіі, супольнае беларуска-расейскае прадпрыемства «Гефест-тэхніка», ААТ «Берасцегазаапарат», ААТ «Івацэвічдрэў», фабрыку цацак «Палессе» ў Кобрыне, берасцейскія цэнтры алімпійскага рэзерву па веславанні і водных відах спорту, Берасцейскую крэпасць і музей-запаведнік «Нясвіж».

Завершыцца прэс-тур 16 кастрычніка сустрэчаю з Аляксандрам Лукашэнкам. Чакаецца, што кіраўнік Беларусі традыцыйна дасць расейскім журналістам прэс-канферэнцыю.

Арганізатарамі прэс-тураў выступаюць пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі ды амбасада Беларусі ў Расейскай Федэрацыі. Фінансуюцца туры з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Цяперашні візіт – дзясяты па ліку.

belsat.eu

Стужка навінаў