Еўрадэпутат: Нобелеўскую прэмію міру скіраваць на абрынанне апошняй дыктатуры ў Еўропе


Польскі еўрадэпутат Марэк Мігальскі прапаноўвае перадаць фінансавыя сродкі, якія Еўразвяз атрымаў у межах Нобелеўскай прэміі міру, на развіццё беларускай грамадзянскай супольнасці.

Адпаведную прапанову палітык скіраваў у Раду Еўрапейскага Звязу.

Мігальскі нагадвае, што адным з кандыдатаў на гэтую прэстыжную прэмію быў Алесь Бяляцкі. «Гэты адважны беларускі апазіцыянер адбывае пакаранне ў выглядзе чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі за сваю праваабарончую дзейнасць», – заявіў польскі еўрадэпутат, які быў чальцом камітэту дзеля вылучэння Бяляцкага на прэмію.

Звяртаючыся да Рады ЕЗ, еўрадэпутат падкрэсліў той факт, што ў маштабе бюджэту Еўразвязу атрыманыя сродкі з прэміі – нязначныя. Аднак калі перадаць іх на падтрыманне беларускай грамадзянскай супольнасці, гэта «адназначна будзе спрыяць знікненню апошняй дыктатуры ў Еўропе».

«Сорамна, што ля межаў Еўрапейскага Звязу да гэтага часу кіруе дыктатар», – падкрэсліў Мігальскі.

Лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру ў 2012 годзе стаў Еўразвяз. Прэмію аб’яднанне атрымала за ўнёсак у пашырэнне міру і прымірэння, дэмакратыі ды абароны правоў чалавека ў Еўропе.

belsat.eu

Стужка навінаў