Максіма Бакіева арыштавалі ў Лондане


Сына экс-прэзідэнта Кыргызстану затрымалі ўчора на запыт кіргізскага і амерыканскага бакоў.

Пра гэта паведаміла прэс-служба прэзідэнта Кыргызстану.

Бакіева-малодшага, які ачольваў Цэнтральнае агенцтва развіцця, інавацыяў і інвестыцыяў пры адміністрацыі свайго бацькі, пасля дзяржаўнага перавароту ў красавіку 2010 г. і адстаўкі Курманбека Бакіева абвесцілі ў міжнародны вышук па лініі Інтэрполу паводле абвінавачвання ў карупцыі ды адмыванні прыбыткаў, атрыманых злачынным шляхам. Максім Бакіеў хаваўся ад кіргізскага правасуддзя ў Лондане.

Паводле прэс-службы, у цяперашні час брытанскі бок разглядае пытанне экстрадыцыі Максіма Бакіева ў ЗША, бо паміж Кыргызстанам і Брытаніяй няма пагаднення аб экстрадыцыі.

“За злачынствы, у якіх вінавацяць Максіма Бакіева, заканадаўства ЗША прадугледжвае пакаранне ў выглядзе доўгатэрміновага зняволення”, – адзначаецца ў паведамленні.

У красавіку 2010 г. у Кыргызстане адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога ўлада перайшла ў рукі часовага кааліцыйнага ўраду, што складаецца з лідараў апазіцыйных партыяў.

Экс-прэзідэнт Курманбек Бакіеў, ягоны брат Жаныш, які ўзначальваў Службу дзяржаўнай аховы, сын Марат, а таксама іншыя сваякі завочна былі абвінавачаныя ў масавым забойстве, звязаным з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, і абвешчаныя ў міжнародны вышук.

Курманбек Бакіеў прыбыў у Беларусь 19 красавіка 2010 г. на асабістае запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі. Улады Беларусі ў адказ на шматлікія запыты кіргізскага боку адмовіліся выдаваць зрынутага прэзідэнта.

belsat.eu

Стужка навінаў