Радзіна: вонкавая палітыка Еўразвязу – абсалютна правальная


За шматгадовую ролю ў яднанні кантыненту Нобелеўская прэмія міру дасталася Еўразвязу – лаўры за ператварэнне Еўропы ваеннай у Еўропу мірную. Еўрапейскія палітыкі задаволеныя, аднак не бракуе і крытыкаў. На сёлетнюю ўзнагароду быў 231 намінант, у тым ліку 43 арганізацыі. Сярод намінантаў значыўся і вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі. Цяпер ён адбывае 4 з паловаю гады зняволення за нявыплату падаткаў у асабліва буйных памерах.

Паводле галоўнай рэдактаркі сайту “Хартыя’97” Наталлі Радзінай, гэткае рашэнне выклікае толькі неўразуменне.

“Я лічу, што прэмію трэба было даваць альбо Алесю Бяляцкаму, альбо расейскаму “Мемарыялу”. Сёння мы назіраем вельмі складаную сітуацыю як у Беларусі, так і ў Расеі. Мы ўсе хвалюемся за Алеся Бяляцкага. І прысуджэнне прэміі ў такі цяжкі год для Еўразвязу – гэта, як мінімум, дзіўна”, – кажа журналістка. {movie}Наталля Радзіна ў “Гарачым каментары” |right|6892{/movie}

Да таго ж пастанова журы не зусім супадае з правіламі вызначэння лаўрэатаў. Еўразвяз атрымаў узнагароду за 60 гадоў дзейнасці, але, паводле тастаменту самога Нобеля, належыць узнагароджваць за дасягненні цягам году прысуджэння прэміі.

“Я не хачу змяншаць заслугаў Еўрапейскага Звязу, які неаднаразова выказваў падтрыманне беларускім палітвязням. Тым не менш, хочацца верыць, што палітыка ЕЗ у дачыненні Беларусі зменіцца, бо сёння мы бачым шмат хібаў: адсутнасць адзінай стратэгіі як у дачыненні Беларусі, так і Расеі”, – кажа Наталля Радзіна.

Разам з ператварэннем “кантыненту вайны ў кантынент супакою” сітуацыя ў Беларусі застаецца нязменнаю ўжо 18 гадоў, а Расея з Украінаю ідуць у тым жа кірунку. {movie}Наталля Радзіна ў “Гарачым каментары” ч2|right|6893{/movie}

“Мы бачым, як “лукашэнкаўская зараза” распаўзаецца і па суседніх краінах. Я лічу, што вонкавая палітыка Еўразвязу абсалютна правальная”, – мяркуе журналістка.

belsat.eu

Стужка навінаў