Класкоўскі: Нобель ужо не той


Паводле палітолага, улады Беларусі мусілі ўздыхнуць з палёгкаю, калі даведаліся пра рашэнне Нобелеўскага камітэту прысудзіць прэмію Еўразвязу. Ужо тое, што паводле надуманых абвінавачанняў за кратамі трымаюць праваабаронцу, не ёсць для ўладаў прыемнаю сітуацыяй. Ушанаванне Бяляцкага Нобелеўскаю прэміяй толькі пагоршыла б становішча.

“Размазалі прэмію”

Разам з тым адмысловец адзначае, што гэта ўжо не першае контраверсійнае рашэнне Нобелеўскага камітэту. {movie}Аляксандр Класкоўскі пра нобелеўскую прэмію|right|6887{/movie}

“Калі аналізаваць рашэнні камітэту за апошнія гады, вельмі шмат такіх рэбусаў і шарадаў. Такое ўражанне, што ўжо трохі збіліся крытэры прысуджэння гэтай прэміі. Тут ужо і гаворка пра аўтарытэт: нейкія такія эпатажныя крокі могуць зніжаць давер да рашэнняў журы”, – кажа палітолаг.

На думку Класкоўскага, Нобелеўская прэмія міру – перадусім прэмія персанальная, для людзей, што змагаюцца за свае перакананні.

“А ўзнагарода цэлай вялізарнай інстытуцыі, дзе сядзяць і сонныя чыноўнікі, – гэта, так бы мовіць, размазванне кашы па талерцы. […] З гэткім жа поспехам можна даць прэмію, напрыклад, космасу”, – кажа Класкоўскі.

Жонка Бяляцкага: Еўразвяз заслужыў гэтую ўзнагароду

Паводле жонкі Алеся Бяляцкага Наталлі Пінчук, ужо за некалькі дзён да абвешчэння вынікаў было вядома, што прозвішча ейнага мужа сярод фаварытаў няма. {movie}Наталля Пінчук пра ўзнагароджанне Еўразвяза|right|6888{/movie}

“Я лічу, што Еўразвяз заслужыў гэтую ўзнагароду. Тут варта ўзгадаць, колькі ўвагі надаецца таму, што адбываецца ў нас. І я спадзяюся, што гэтая ўзнагарода толькі дасць імпульс да далейшых намаганняў для вызвалення беларускіх палітвязняў”, – кажа спадарыня Пінчук.

Тым часам Алесь Бяляцкі ўвайшоў у шорт-ліст прэміі Сахарава. Побач з ім апынуліся ўдзельніцы расейскага панк-гурта «Pussy Riot» і прадстаўнікі Ірану: адвакатка Насры́н Сатудэ́ (Nasrin Sotoudeh) і рэжысёр Джафа́р Панагі́ (Jafar Panahi).

Лаўрэата прэміі назавуць 26 кастрычніка. Ён атрымае ўзнагароду памерам € 50 тыс. і будзе запрошаны на цырымонію ўганаравання, якая пройдзе 12 снежня ў Страсбуры.

Раней за кандыдатуру Бяляцкага падпісаліся ініцыятар вылучэння – польскі еўрадэпутат Яцэк Сар’юш-Вольскі – ды яшчэ 82 еўрапарламентары.

Прадстаўнікі Беларусі ўжо атрымлівалі прэмію імя Сахарава: у 2004 годзе ёю ўзнагародзілі Беларускую асацыяцыю журналістаў, у 2006 годзе – экс-кандыдата на прэзідэнцтва Аляксандра Мілінкевіча.

belsat.eu

Стужка навінаў