«Абсурднае звальненне»: выкладчык распавёў, за што яго хочуць пазбавіць працы


Старэйшы выкладчык Гарадзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы Ігар Кузьмініч у сваім блогу піша пра магчымыя прычыны свайго звальнення.

Да нядаўняга часу Кузьмініч выконваў абавязкі намесніка дэкана юрыдычнага факультэту. На пачатку чэрвеня яго і дэкана выклікаў рэктар універсітэту Яўген Роўба. Нечакана для Ігара размова пайшла не аб працы юрфаку, а пра ягоныя публікацыі ў сваім ЖЖ: казкі «Хто такі белы рыцар на белым кані з белым мячом» і «Як узнік беларускі сцяг», а таксама невялікі пост пра тое, што на дзяржаўныя іспыты студэнты паклалі выкладчыку газету «Наша Ніва». Кузьмініча спыталі, ці яму не сорамна за гэтыя допісы.

Далей выклікі да рэктара паўтараліся пасля кожнага публічнага выказвання Кузьмініча ў інтэрнэце на актуальную грамадскую тэму: «Каго лічыць беларускім пісьменнікам», віншавання з 15-годдзем грамадскага аб’яднання «Цэнтр «Трэці Сектар».

«Сам вінаваты»

«Са мною зноў сустрэліся і паведамілі, што прынятае рашэнне пра тое, што я не магу знаходзіцца ва ўніверсітэце з-за маёй грамадскай пазіцыі ды павінен да канца верасня напісаць заяву з просьбай аб звальненні на асабістае жаданне, – піша Кузьмініч. – Адзінае, што мне тлумачылі, – гэта тое, што я сам вінаваты, бо выстаўляў матэрыялы ў інтэрнэце, хоць мяне папярэджвалі. Калі я сам не напішу заяву, я ўсё роўна буду звольнены, але ўжо паводле артыкулу».

Цяпер Ігар Кузьмініч чакае неабходных дакументаў на сваё звальненне.

Зачыстка па слядох «Гродназнаўства»

Гэта не першае звальненне з ідэалагічных прычынаў у Гарадзенскім універсітэце ў гэтым навучальным годзе. У верасні звольнілі кандыдата гістарычных навук Андрэя Чарнякевіча за ўдзел у напісанні падручніка «Гродназнаўства».

«Складаецца ўражанне, што ў Гарадзенскім універсітэце пачалася зачыстка, – кажа прафесар Алесь Смалянчук. – Распраўляюцца нават не з тымі, хто займаецца палітыкаю, а з тымі, хто вядзе культурніцкую дзейнасць. Чым палохаюць Андрэй Чарнякевіч і Ігар Кузьмініч улады? Здавалася б, выбары ўжо прайшлі. Я думаю, яны апасаюцца асветніцкай пагрозы. Зразумела, што гэта ініцыятыва не ўніверсітэцкай адміністрацыі, а тых, хто стаіць за імі».

belsat.eu

Стужка навінаў