Кіроўца нападпітку прыехаў ратаваць сябра пасля аварыі


Дарожна-транспартнае здарэнне ў Горадні мела негатыўныя наступствы як для пацярпелага, так і для яго высакароднага прыяцеля.

Як паведамляе ДАІ па Гарадзенскай вобласці, а 4-й гадзіне ночы ў гарадзенскім мікрараёне Зарыца перакуліўся легкавы аўтамабіль. Яго кіроўцу асляпіла святло фараў сустрэчнай машыны. Малады чалавек адвёў галаву ў бок і занадта рэзка павярнуў у тым жа кірунку стырно. У выніку ён страціў кіраванне легкавіком і перакуліўся ў правы кювет на дах.

Траўмаваны кіроўца патэлефанаваў сябру, распавёўшы, што адбылося, і папрасіў прыехаць на месца аварыі. Прыяцель так і зрабіў, нягледзячы на тое, што ўвечары піў піва. Пацярпелы пачуваўся досыць кепска, таму сябра на сваёй «Аўдзі» адвёз яго ў бальніцу. Пацярпелага ў медустанове ўжо чакаў інспектар ДАІ, які адразу адчуў рэзкі пах спіртнога ад кіроўцы «Аўдзі». Малады чалавек не адмаўляў, што выпіў увечары піва.

Медычнае абследаванне паказала, што ў ягоным арганізме ўтрыманне алкаголю было ўдвая большае за дапушчальную норму. Вінаватага ў аварыі пасля абследавання і аказання дапамогі адпусцілі. Аднак абодвум верным сябрам пагражае штраф і пазбаўленне правоў.

belsat.eu

Стужка навінаў