Памёр відэааператар БелаПАНа Уладзімір Бабарыка


На 54-м годзе жыцця раптоўна памёр відэааператар беларускай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Уладзімір Бабарыка.

Смерць наступіла раніцай 3 студзеня ў 6-й бальніцы Мінска. Дакладная яе прычына пакуль невядомая. Паводле слоў сястры Таццяны, напярэдадні Уладзіміру выклікалі хуткую медыцынскую дапамогу, урач зрабіў кардыяграму, якая не паказала ніякіх адхіленняў у працы сэрца. “Але ў Валодзі быў застой у лёгкіх, яму цяжка было дыхаць”, — паведаміла Таццяна.

Уладзімір Бабарыка быў высокапрафесійным тэлежурналістам і відэааператарам, адным з самых аўтарытэтных аператараў дакументальных фільмаў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, добрым чалавекам і сапраўдным сябрам. Яго аптымізм і спакойная ўпэўненасць перадаваліся ўсім нам, супрацоўнікам БелаПАН.

Выпускнік аддзялення журналістыкі БДУ (1986), ён звязаў сваё жыццё з самай перадавой галіной журналістыкі таго часу — тэлебачаннем і дакументальным кіно. Працаваў на кінастудыі “Беларусьфільм”, у творчым аб’яднанні “Тэлефільм”, літоўскай тэлестудыі “Аб’ектывас”, у беларускім аддзяленні “Кінацэнтр” Саюза кінематаграфістаў СССР, у беларускім прадстаўніцтве інфармацыйнага агенцтва Рэйтэр. Здымаў спецыяльныя рэпартажы і навіновыя сюжэты для тэлекампаній НТВ, ТСН, ТВ 6, “Вести РТР”, VISNEWS, NBC, BBC, CBS, SAT1, ZDF, SKYNews і іншых.

З 2008 года — відэааператар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. Аўтар дакументальнага цыкла “Герой не нашага часу”, знятага рэдакцыяй мультымедыйных навінаў БелаПАН, больш як тысячы відэасюжэтаў пра падзеі ў Беларусі апошніх трох гадоў.

Праводзіў семінары і трэнінгі па аператарскім майстэрстве і спецыфіцы здымак тэленавінаў.

Быў у ліку першых лаўрэатаў прэміі імя Дзмітрыя Завадскага, заснаванай расійскім Першым каналам і Беларускай асацыяцыяй журналістаў “за прафесійную мужнасць і ўнёсак у абарону свабоды слова”.

Дзмітрый Наважылаў, тэлежурналіст, кіраўнік беларускага карпункта расійскага тэлеканала “Первый”, адзначае высокі прафесіяналізм і жыццялюбства Уладзіміра Бабарыкі. “З Валодзем мы пазнаёміліся ў 1997 годзе, — кажа Дзмітрый. — Увесь гэты час ён заставаўся чалавекам, горача адданым сваёй справе, сваёй прафесіі. Усякі раз, бываючы з ім побач на здымках, я здзіўляўся той грунтоўнасці, сур’ёзным адносінам да, здавалася б, дробязяў, з якіх потым і складвалася каштоўнасць кожнага знятага ім сюжэта. Пры гэтым Валодзя заўсёды быў чалавекам, для якога гонар і годнасць — вышэй за ўсё. Я назаўсёды запомню яго параду: калі ўбачыў тэлевізійны план — абавязкова спыніся і здымі яго, таму што потым гэты план ты ўжо не ўбачыш. Сёння гэтыя словы гучаць як запавет, і не толькі для тэлежурналістаў: хлопцы, спяшайцеся рабіць дабро людзям, таму што калі адкладзеце гэта на потым, можа стацца, што гэтага чалавека ўжо не будзе…”

Кіраўніцтва і працаўнікі тэлеканалу “Белсат” выказваюць глыбокія спачуванні сям’і і блізкім Уладзіміра Бабарыкі. Смуткуем разам з вамі.

Глядзі таксама
Каментары