Класкоўскі: Еўропа зноў на тыя ж граблі не наступіць


Аляксандр Лукашэнка развітаўся з парламентам IV склікання падсумаваў працу папярэдніх дэпутатаў і паставіў задачы перад наступнымі.

Лукашэнка заявіў пра неабходнасць мадэрнізацыі палітычнай сістэмы нашай краіны. У выніку гаворка перайшла да тэмы палітычных партыяў, выбарчага заканадаўства і дзяржаўнага лідарства. Што гэта: чарговы папулісцкі пасаж ці разуменне неабходнасці зменаў?

Паводле палітолага Аляксандра Класкоўскага, хоць кіраўнік Беларусі і не можа абысціся без папулізму, «жыццё яго прыціснула».

«Сітуацыя такая, што ён бярэ на ўзбраенне абсалютна неўласцівую рыторыку. Фармальна кажучы, ён агучвае тэзы Еўразвязу і апазіцыі. Таму, што Еўропа ўвесну прапанавала якраз «дыялог аб мадэрнізацыі» з Беларуссю, у апазіцыі таксама – толькі лянівы не кажа пра рэформы. Тады афіцыйны Менск адмовіўся, а сёння [гэта] прагучала з трыбуны ў Авальнай зале», – заўважае Класкоўскі.

Палітолаг іранізуе, зазначаючы, што цэлы шэраг сімптомаў сведчыць пра негатовасць афіцыйнага Менску да якой-колечы мадэрнізацыі. Гэтыя сентэнцыі – хутчэй тактычны крок, бо 15 кастрычніка ў Еўрапарламенце будзе абмяркоўвацца беларускае пытанне. Лукашэнка загадзя рыхтуецца да жорсткай рэзалюцыі.

«Думаю, што ў Бруселі такіх наіўных няма, бо на граблі яны ўжо наступалі, як перад выбарамі-2010 еўракамісар Фюле і міністр замежных справаў Польшчы Сікорскі сюды прыязджалі і абяцалі тры мільярды, калі будуць прыстойныя выбары. Таму Еўразвяз будзе асцярожны», – мяркуе адмысловец.

belsat.eu

Стужка навінаў