Аляксей Янукевіч: Працяг кіравання Лукашэнкі – гэта тупік і катастрофа


Прадстаўнікі чатырох дэмакратычных партыяў і арганізацыяў падпісалі пагадненне аб правядзенні грамадзянскай акцыі «Беларускі выбар».

Подпісы пад дакументам паставілі лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Алег Новікаў і лідар саюзу «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч.

Паводле лідара Партыі БНФ, усе прадстаўнікі грамадска-палітычных арганізацыяў, якія падпісалі пагадненне, «падзяляюць каштоўнасці незалежнасці, дэмакратыі ды еўрапейскага выбару Беларусі». Янукевіч падкрэсліў, што грамадзянская акцыя «Беларускі выбар» праводзіцца для таго, каб у краіне ажыццяўляўся «прабеларускі сцэнар пераменаў».

«Працяг кіраўніцтва краінаю Лукашэнкам – гэта тупік і катастрофа. Ажыццяўленне тут прарасейскага сцэнару, у выніку якога Беларусь трапіць пад уплыў Расеі, – гэта тое ж самае. Ёсць іншы варыянт, і для таго каб гэты варыянт спрацаваў, каб перамены ажыццявіліся на карысць беларускаму народу, мы дамаўляемся аб супрацы», – заявіў палітык.

Падпісанты пагаднення будуць супрацоўнічаць падчас прэзідэнцкіх выбараў, каардынаваць дзеянні па вылучэнні сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ды назіральнікаў, праводзіць супольную палітычную кампанію падчас выбараў.

belsat.eu

Стужка навінаў