Палітуцякач Баранкоў створыць фонд дапамогі замежнікам-зняволеным


Былы беларускі міліцыянт Аляксандр Баранкоў, які папрасіў палітычнага прытулку ў Эквадоры, мае намер стварыць у гэтай краіне фонд дапамогі вязням-замежнікам і дзецям, якія жывуць са сваймі маці ў турмах гэтай краіны.

Паводле Баранкова, фонд мае здзяйсняць прававую дапамогу зняволеным іншаземцам, якіх часта падманваюць эквадорскія адвакаты і ўсялякія пасярэднікі, атрымліваючы грошы за свае паслугі ды не робячы пры гэтым нічога.

Як сцвярджае былы беларускі міліцыянт, ён сам правёў 84 дні ў эквадорскай турме, што змяніла ягонае жыццё. Баранкоў паведамляе, што апораю ў стварэнні будучага фонду стане ягоная сяброўка, нарадзінка Эквадору – Мабэль Андрадэ (Mabel Andrade). Акрамя таго, паводле былога міліцыянта, існуе шэраг праваабарончых арганізацыяў, якія дапамагаюць эквадорскім зняволеным.

Мяркуецца, што новы фонд будзе называцца «Цэнтр падтрымання замежных зняволеных». Цяпер Баранкоў шукае крыніцы фінансавання будучага фонду.

Аляксандра Баранкова ўтрымлівалі ў эквадорскай турме сёлета з чэрвеня да жніўня – у звязку з запытам афіцыйнага Менску аб ягонай экстрадыцыі. На радзіме ў дачыненні былога міліцыянта пачалі крымінальную справу паводле падазрэння ў махлярстве і вымагальніцтве. Баранкоў заявіў, што ў выпадку экстрадыцыі ягонаму жыццю і здароўю пагражае небяспека, і папрасіў палітычнага прытулку ва ўладаў Эквадору. Як сцвярджае экс-міліцыянт, яго пераслед звязаны з тым, што ён нібыта валодае матэрыяламі, якія кампраметуюць улады Беларусі.

29 жніўня суд Эквадору адмовіў у экстрадыцыі Баранкова і пастанавіў вызваліць яго з-пад варты.

belsat.eu

Стужка навінаў