Праваахоўнікі апасаюцца ўсплёску наркаманіі на будаўніцтве АЭС


Намеснік старшыні ўпраўлення наркакантролю Васіль Лосіч ужо заявіў пра намер не дапусціць ператварэння Астраўца ў наркасталіцу Беларусі.

Лосіч патлумачыў, што высокія заробкі ў гарадах, дзе будуюцца маштабныя праекты, спрыяюць росту наркаманіі. Яскравыя прыклады гэтага – Салігорск, Жлобін, Пінск і Светлагорск.

Што датычыць Астраўца, Васіль Лосіч паведаміў, што, улічваючы вялікую колькасць будаўнікоў, у тым ліку з Расеі, ужо распрацаваны план адмысловых прэвентыўных дзеянняў. Мясцовыя органы ўнутраных справаў узмоцненыя за кошт дадатковых працаўнікоў, і гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца падчас будаўніцтва.

Прадстаўнік МУС распавёў, што на сёння лічба нарказалежных у Беларусі можа сягаць нават 170 тыс. чалавек. На пачатку года з іх на ўліку стаялі толькі 13,5 тыс.

Штогод у Беларусі здзяйсняецца каля 4,5 тыс. злачынстваў, звязаных з наркотыкамі, у тым ліку чвэрць датычыць незаконнага абароту рэчываў. Толькі за першыя дзевяць месяцаў 2012 г. міліцыя канфіскавала 168 кг наркатычных сродкаў і 10 кг псіхатропных рэчываў.

belsat.eu

Стужка навінаў