Прэмія Сахарава: Бяляцкі, «Pussy Riot» ці іранскі рэжысёр і адвакатка


Алесь Бяляцкі ўвайшоў у шорт-ліст кандыдатаў на атрыманне прэміі Еўрапарламенту імя Сахарава «За свабоду думкі». Апроч яго ў спіс трапілі ўдзельніцы расейскага панк-гурта «Pussy Riot» і прадстаўнікі Ірану: адвакатка Насры́н Сатудэ́ (Nasrin Sotoudeh) і рэжысёр Джафа́р Панагі́ (Jafar Panahi).

Лаўрэата прэміі назавуць 26 кастрычніка. Ён атрымае ўзнагароду памерам € 50 тыс. і будзе запрошаны на цырымонію ўганаравання, якая пройдзе 12 снежня ў Страсбуры.

Раней за кандыдатуру Бяляцкага падпісаліся ініцыятар вылучэння – польскі еўрадэпутат Яцэк Сар’юш-Вольскі ды яшчэ 82 еўрапарламентары.

Прадстаўнікі Беларусі ўжо атрымлівалі прэмію імя Сахарава: у 2004 годзе ёю ўшанавалі Беларускую асацыяцыю журналістаў, у 2006 годзе – экс-кандыдата на прэзідэнцтва Аляксандра Мілінкевіча.

Віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага абвінавацілі ва ўтойванні даходаў у асабліва буйных памерах. У лістападзе 2011 года суд прыгаварыў яго да чатырох з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставаю для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не прыняў да ўвагі той факт, што грошы, якія паступалі на гэтыя рахункі, выкарыстоўваліся не для асабістых патрэбаў абвінавачанага, а для праваабарончай дзейнасці. Таксама слугі Феміды не зважылі на тое, што шкоду, нібыта нанесеную Бяляцкім, цалкам скампенсавалі беларускія грамадзяне коштам сваіх добраахвотных ахвяраванняў.

Арышт Бяляцкага выклікаў шырокі рэзананс. Беларускі праваабаронца абвешчаны вязнем сумлення, яго вызвалення патрабуе міжнародная дэмакратычная грамадскасць, кіраўніцтва Еўразвязу і ЗША.

belsat.eu

Стужка навінаў